«Гэта ўсё яна»? Гэта ўсё вы

Калі псіхолаг і коўч Юлія Малашчанка сказала мне, што ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ставяць геніяльныя рэчы, я не паверыў. Але з ёй пайшоў.

fota_15.jpg


На вуліцы Крапоткіна, дзе знаходзіцца тэатр, мне давялося жыць некалькі гадоў у інтэрнаце БДУ падчас працы на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. І аднойчы я нават адолеў тыя 200 метраў, што існуюць між інтэрнатам і багемай, каб паглядзець тэатральную пастаноўку. Яе я зараз помню слаба, затое ўжо каля 15 гадоў не забываюся на выпадак, які адбыўся там са мной. Здаецца, спектакль быў забаўны, сюжэт дасягнуў лагічнага завяршэння, святло згасла, і гледачы заапладзіравалі гульні акцёраў. Я ўстаў і накіраваўся да гардэроба за сваёй вопраткай. Гардэробшчыца пільна ўзіралася на мяне, потым не вытрымала: «У вас нешта здарылася? Вы пакідаеце тэатр…». Пачаў узірацца на яе і я. А яшчэ звярнуў увагу на тое, што іншыя наведнікі тэатра да гардэроба не спяшаліся. Тады да мяне дайшло. Але ж было няёмка прызнацца гардэробшчыцы ў сваім здарэнні — заканчэнне першай часткі п’есы я прыняў за фінал усёй пастаноўкі. Са словамі «Так, тэрміновая справа» я пакінуў месца свайго сораму.
І вось днямі другое прышэсце. Драма «Гэта ўсё яна», на беларускай мове. Ужо першымі словамі акцёраў я быў заварожаны. Герояў у драме толькі двое, і яны пачалі прамаўляць нам, гледачам, тое, што думаюць адно пра аднаго. Прамаўлялі ўсёй моццу сваёй крыўды, трапляючы ў душы гледачам, але не адно аднаму. Маці і сын-падлетак пасля смерці мужа і бацькі ніяк не могуць паразумецца. Яна спрабуе, ён не. Яна робіць гэта няўмела, так, як многія з нас, абрушвае на сына то клопат, то гнеў, у парыве якога не абмяжоўваецца толькі словамі. Ён жыве ў інтэрнэце, цалкам закрываецца ад маці, для яго яна ўжо не існуе, яна памерла, але ў глыбіні душы ён хацеў бы падысці да яе, абняць і назваць мамай. Не пакідаючы надзеі знайсці шлях да сына, яна пад штучным імем Тофі стварае ў сацсетках старонку з фотаздымкам эксцэнтрычнай дзяўчыны і піша сыну. Атрымалася!
Маці і сын, знаходзячыся ў розных пакоях адной кватэры, улучыліся ва ўзаемную перапіску. Захапленне выклікала тое, як яна ў рэжыме анлайн асвойвае падлеткавы жаргон і ненарматыўную лексіку, каб адпавядаць свайму сыну, ды спрытна абыходзіцца з далікатнымі тэмамі. Я смяяўся ад душы. Высветлілася, што халодны яршысты падлетак можа быць шчырым і ўважлівым, а яшчэ ён піша вершы, і па настойлівай просьбе Тофі наважваецца даслаць ёй сваё запаветнае. Вершы дык вершы, чаму б і Тофі не адказаць узаемнасцю. Таму маці, гэта звычайная жанчына, на сваім працоўным месцы ўзялася рыфмаваць словы — упершыню ў жыцці.
Сын канчаткова закінуў школу, бо суткамі трызніў аб Тофі, а маці атрымала спагнанне на працы, таму што занятая там зусім не працай. Урэшце, сын прызнаўся Тофі: «Я цябе кахаю». Перапіска зайшла надта далёка… Не буду казаць, чым скончылася гісторыя. Кожны мае магчымасць убачыць яе на вуліцы Крапоткіна. Заўважу толькі, што канец стаўся для мяне нечаканым.
Зала ў тэатры маленькая, акцёры зусім блізка, і іх энергетыка зашкальвала. Усю глыбокую і складаную гісторыю аб канфлікце пакаленняў і віртуальным жыцці вынеслі на сваіх таленавітых плячах Людміла Сідаркевіч (маці) і Дзмітрый Давідовіч (сын). Я глядзеў і іншыя п’есы ў Мінску і за яго межамі і ўжо навучыўся адрозніваць сканчэнне адной дзеі ад агульнага фіналу. Аднак гэта найлепшая з тых, што я бачыў.
Драма «Гэта ўсё яна» спрычынена да нашай Радзімы не толькі па прыналежнасці Тэатра беларускай драматургіі і акцёрах. Яе аўтар Андрэй Іваноў частку свайго жыцця правёў на Беларусі. Нашым суайчыннікам з’яўляецца мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур. А вось рэжысёр спектакля Моніка Дабраўлянска нарадзілася ў Польшчы.
Безумоўна, пасля сканчэння спектакля мы апладзіравалі акцёрам. Аднак мяне не пакідала думка пра тое, што за такое мастацтва, за такую добрасумленную працу проста апладысментаў недастаткова, і я ў даўгу перад усімі стваральнікамі спектакля. На таленавітасць і сумленнасць трэба рэагаваць больш, як на бяздарнасць і бессаромнасць. Хочацца, каб многія беларусы ведалі, якія вялікія падзеі адбываюцца ў невялікім будынку Тэатра беларускай драматургіі.
У маіх неверагодных уражаннях вінаваты кожны, хто згаданы ў дадзеным артыкуле. Гэта ўсё вы.