Глыбокае. “Цудадзейны куфар” Віктара Дудкевіча і Віктара Казлоўскага (фота)
Трыпціх у гонар роднай беларускай мовы прадстаўлены на выставе “Цудадзейны куфар”. Яна адкрылася ў Глыбоцкім Доме рамёстваў, на ёй прадстаўлены карціны і вырабы з дрэва двух мастакоў – Віктара Дудкевіча і Віктара Казлоўскага.
Як кажа Віктар Дудкевіч, ён працуе над адраджэннем беларускіх традыцый і побыту беларусаў са старажытных часоў:
— Людзі ўжо соль хочуць захоўваць не ў пластмасавым посудзе, а ў “качачках” драўляных, як раней было. Хочуць піць ваду з карца з сімваламі нашых продкаў. І яны маюць попыт. Я гэта адраджаю.
Па словах Віктара Казлоўскага, ідэі і эскізы для работ яму падказвае сама прырода:
— Яна табе падкідвае гэтую ідэю. Ты знаходзіш матэрыялы і проста прыкладваеш свае рукі. Дрэва само па сабе прыцягвае, бо чалавека з пакон вякоў заўсёды акружала дрэва.
На выставе можна пабачыць драўляныя беларускія цацкі, скульптуры, прадметы побыту, карціны, нават стылізаваныя драўляныя абрэзкі.
Выстава будзе працаваць у Доме рамёстваў месяц з дзевяці да сямнаццаці гадзін.
Таццяна Смоткіна, Глыбокае
Фота аўтара