У Бельску пачала працу выстава "Таямнічы ручнік" (фота)
У Бельску зберагаюць традыцыйны ручнік. Музей у Бельску-Падляшскім адкрыў пастаянную этнаграфічна-мультымедыйную выставу “Таямнічы ручнік”.

Пабачыць можна самыя цікавыя экземпляры арыгінальных абрадавых ручнікоў, ды паглядзець фільм пра іх. “Гэта толькі пачатак нашай працы”, — кажа дырэктар Музея ў Бельску Падляшскім Аліна Дэмбоўская.
— Дзякуючы нашай дзейнасці зноў людзі пачалі вяртаць да жыцця тыя ручнікі. Наш музей цяпер губляе, бо не можам столькі ручнікоў набываць, іх цяпер нам ужо не дораць. Але нам прыемна, што гэта традыцыя трывае надалей. Варта рабіць такія выставы, варта займацца такой справай. Адкрыццё выставы — гэта не заканчэнне дзейнасці, цяпер мы будзем займацца адукацыйнай справай, будзем рабіць пленэрныя выставы, будзем працягваць збіраць калекцыю, — распавядае Аліна Дэмбоўская.
Экспазіцыю выставы стварыла Ёанна Астроўская. Выстава “Таямнічы ручнік” — гэта вынік некалькіх гадоў працы і даследаванняў на тэрыторыі Бельшчыны. Увесь час збіраецца таксама музейны фота-архіў пра ручнікі.









Ёанна Астроўская і Аліна Дэмбоўская
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара