Горад чытае: кніжны фестываль у Мінску (фота)

Што робяць сучасныя «кніжныя» мамы (а такіх у Мінску шмат!), каб матываваць (а не прымусіць) сваіх дзяцей адкрыць кнігу — але не на планшэце, а сапраўдную, папяровую, з цікавымі ілюстрацыямі і старонкамі, што пахнуць друкарскай фарбай.

3545_1.jpg

Ды ўсё што заўгодна! Выходзяць чытаць на вуліцы, прыдумваюць камерныя спектаклі па матывах сучасных казачнікаў, ствараюць улюбёных персанажаў з гліны, пап’е-машэ і воўны.

Ужо трэці раз бацькоў і дзяцей, што любяць чытаць, аб’яднаў фестываль «Горад і кнігі», які сёлета ператварыўся ў «Горад і Кнігі на лаўках»: пляцоўкі фэсту размясціліся ва ўтульным дворыку БНТУ.

Атрымаўся сапраўдны кніжны опэн-эйр. Дзеці, бацькі, паветраныя шары, музыка, тэатр і кнігі. Праграма фэсту ўразіла сваёй напоўненасцю, шыкоўным падборам беларускіх экспертаў і замежных гасцей, а яшчэ нейкай своеасаблівай душэўнасцю.

3506.jpg

Вось пад гітару Лёні Паўлёнка з «Нагуаля» песні на вершы дзіцячых паэтаў спяваюць акторкі бэбі-тэатра «Бусы». Дзеці смяюцца, танцуюць і паўтараюць словы песні пра птушку-птэрадактыля.

У гэты час у намётах выдавецтваў таксама шмат цікавага: рэпрынты савецкіх кніг распрадаюць за капейкі, на стэндзе з літаратурай пра свет і жыццё асаблівых дзяцей ствараюць дрэва са шматкаляровых адбіткаў пальцаў. На старонках агромністай вязанай кнігі ад клуба аматараў вязання Zabombi.by дзеці і дарослыя вышываюць добрыя словы. Сябры беларускага фандому «Уладар пярсцёнкаў» правяраюць усіх ахвотнікаў на прыналежнасць да оркаў і эльфаў.

3462.jpg

Арганізатары сямейнага фэсту BOOKIDS сумясцілі файную рэлакс-зону з мяккімі крэсламі для бацькоў і арт-пляцоўку для дзяцей. На велізарным папяровым палатне за два дні літаральна з нічога вырас цэлы папяровы горад — са сваімі вуліцамі, скрыжаваннямі, крамамі і шматкаляровымі дамамі. Непадалёк ад папяровага горада адкрылася выстава hand-made герояў з сучасных кніг «Усмешлівыя дзівы».

3665.jpg

Кампанію персанажам «Соннай кнігі» японца Іль Сунг На, кацяняці Шмяку, Кіту, які плыве на поўнач, «Прстодурсену» ды іншым склалі героі беларускіх аўтараў: вожык, які не стрыжэцца, Алеся Пісьмянкова, Лэхнэска Алены Масла.

Беларуская праграма на фестывалі ўвогуле прыемна ўразіла: і колькасцю, і якасцю. Вандроўка ад праекта «Казачкі бай!» пачалася ў бясконцым космасе з мільярдамі зорак, прайшла праз усе магчымыя месцы нашай планеты і скончылася ва ўтульным акенцы самай звычайна хаткі.

Маленькія гледачы пазнаёміліся з дзяўчынкай Вітай і рознакаляровымі чалавечкамі, даведаліся, хто малюе белыя крэскі на дарогах і запальвае ліхтары ў горадзе.

3685.jpg


Акторы праекта «Альтанка для чытанкі» прачыталі казку Міры Лобэ «Маленькае Я — ГЭТА Я». Надзея Ясмінска праз казку растлумачыла дзеткам, як лепей зразумець родную мову.

З аншлагам прайшоў  лялечны спектакль ад тэатрыка «Лямцавая батлейка» «Хутчэй, Мама Му» (пераклад са шведскай на беларускую Надзеі Кандрусевіч). Для старэйшых тэатралаў-кнігалюбаў Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова з «Лямцавай батлейкі» прачыталі «Піпі ў школе».

3752.jpg

Пакуль дзеці чыталі казкі, дарослыя удзельнічалі ў віктарыне ад Ганны Севярынец, аўтаркі кнігі «Дзень Святога Патрыка»: спачатку згадвалі аўтараў тэкстаў вядомых  беларускамоўных песень (напрыклад, «Завіруха» Генадзя Бураўкіна), а потым адгадвалі байкера Багушэвіча і хіпстара Коласа, па-дызайнерску «асучасненых» гарадзенцам Аляксандрам Перагудавым (праект «Падарожнікі ў часе»).

Запрошаны госць з Расіі, навуковы журналіст Аляксандр Панчын расказаў, чаму людзі вераць у паранармальныя з’явы; што агульнага паміж праблемнай гульнявой залежнасцю, бояззю перапрацаванай вады і ГМА, непрыманнем швэдра, які насіў Гітлер, і верай у гамеапатыю; што такое законы магіі і як яны пануюць над нашым мысленнем.

3670.jpg

Адборны навукпоп без падману, фарбавальнікаў і ГМА быў сабраны ў «Курилке Гутенберга». Зміцер Быліновіч, студэнт БДУ, паспрабаваў зазірнуць пад капот Deus ex machina і паразважаць на тэму магчымасцяў штучнага інтэлекту — ці не знішчыць ён нас з часам? Папулярызатар навукі Віктар Шаленчанка расказаў, ці варта асцерагацца Е-дадаткаў, верыць налепкам «Без ГМА» і якія з натуральных памідораў мы можам есці дзякуючы радыяцыі. А Зміцер Маклакоў расказаў пра будучыню электрамабіляў.

І, канечне, шмат калялітаратурных дыскусій. Творчыя сустрэчы і майстар-класы правялі вядомы журналіст, таленавіты педагог, аўтар папулярных кніг па выхаванні дзяцей Марына Арамштам і дзіцячая паэтка Настасся Арлова.


І вось не паверыце — гэта ўсяго толькі маленечкая частка з праграмы фэсту, які сёлета — можна сказаць, упэўнена — стаў моцным міжнародным кніжным опэн-эйрам.

Кася Кірпацік, budzma.by

Фота Зарыны Кандрацьевай