Граў Быкава, удзельнічаў у пратэстах. Памёр акцёр Ігар Андрэеў
Акцёр Горкаўскага тэатра Ігар Андрэеў памёр 6 ліпеня. Пра гэта расказалі яго сябры, піша «Наша Ніва».
Ігар Андрэеў нарадзіўся ў 1952 годзе ў Мінску, скончыў
Тэатральна-мастацкі інстытут як акцёр.
Большую частку жыцця працаваў у Горкаўскім тэатры — як акцёр
(у 1970-я), намеснік і першы намеснік дырэктара.
З апошняй пасады сышоў летась і зноў працаваў акцёрам.
Таксама з’яўляўся дырэктарам сталічнага «Тэатра юнага гледача»
(1985-1995) і Белдзяржфілармоніі (1999-2002).
Андрэеў меў прабеларускую пазіцыю. Ён супрацоўнічаў з
«Белсатам», у фільме «Куля для КДБ ад Васіля Быкава» сыграў ролю класіка
беларускай літаратуры.
«Быў шчаслівы ўвасобіць вобраз вялікага пісьменніка і
чалавека», — пісаў у сацыяльных сетках Андрэеў.
У лістападзе 2020 года яго затрымлівалі разам з жонкай у цэнтры Мінска.