Гурт Vuraj адзначыў 7 год на сцэне буйным канцэртам (фота)

Мінскі фолк-рок гурт Vuraj прадставіў 20 снежня разам з палескім калектывам «Вытокі» сваю зімовую праграму ў сталічным клубе «Бруге». У яе ўвайшла лепшая музыка ўсіх сямі гадоў існавання калектыва.

vuraj_7_1_logo.jpg

Сярод шматлікіх беларускіх фолк гуртоў Vuraj адрозніваецца ўнікалькым сінтэзам народных песень, аўтэнтычных інструментаў з эксперыментамі з сучаснай музыкай, лёгкай псіхадэлікай і тэатральнасцю. У дыскаграфіі калектыва маецца тры кружэлкі і адно EP. За час свайго існавання каманда Сержука Доўгушава аб’ездзіла тысячы кіламетраў і пабывала на некалькіх дзясятках розных фестываляў.

Адна з галоўных асаблівасцей вечара — удзел аўтэнтычнага калектыва з вёскі Дзятлавічы, што на Палессі. На канцэрце 20 снежня ўдзельнікі «Вытокаў» выступілі на адной сцэне разам з Vuraj. Вынік атрымаўся даволі незвычайным: старадаўнія песні ў жывым выкананні ў першапачатковым выглядзе і з «вурайскім» аздабленнем. За дзень да канцэрту ў мінскай прасторы «Хто такі Джон Голт?» нават прайшоў адмысловы спеўны сход з удзелам чароўных палешукоў.