У «Крамбамбулі» тры новыя вакалісты

Толькі 2 дні засталося да вялікага святочнага канцэрта гурта «Крамбамбуля» з праграмай «Партызаны каляднага лесу». Напярэдадні канцэрта 21 снежня ў Prime Hall калектыў абвясціў пра пашырэнне складу.

krambambula_photo02.jpg

Адмыслова для гэтага выступу гурт рыхтуе новую праграму і канцэптуальнае шоў з дэкарацыямі. Прагучаць усе самыя драйвовыя песні з шасці альбомаў «Крамбамбулі», а таксама святочныя і рамантычныя. Некаторыя давялося нават развучыць наноў – яны не гучалі больш па 5-7 гадоў. Але гэта і блізка не ўсё, што чакае публіку.

—Напярэдадні вялікага святочнага сходу ў наш партызанскі атрад залічаны тры новыя байцы-вакалісты. Гэта ўжо вядомыя па музычных змаганнях Юрый Стыльскі («Дай дарогу»), Пётр Клюеў (гурты Amplituda Smielasci і ЛСП), а таксама Алесь Дзянісаў (Dzieciuki). Ніхто з іх з «Крамбамбуляй» раней не спяваў, але мы добра ведаем іх здольнасці і ўпэўненыя, што гэта будзе моцна! — напісана ў паведамленні гурта на Facebook.  
Акрамя таго, падчас канцэрту адбудзецца ўручэнне медалёў і ордэнаў атраду «Крамбамбуля»: «За добрыя справы, пра якія не напішуць у СМІ». Узнагароды вырабленыя з экалагічнага і высокаякаснага матэрыялу – беларускага дрэва. Кандыдатаў цягам 10 дзён мог прапанаваць кожны ахвочы.

Сярод пераможцаў хлопчык Цімафей, які выратаваў і выгадаваў вулічнага ката (ён атрымае «Ордэн Міколкі Паравоза»), жаночы партызанскі атрад, які гадуе трох дзяцей (медалі «За лясное братэрства»), а таксама дзяўчына Валянціна, якая дапамагае сябрам, незнаёмым людзям і ніколі не здаецца («Ордэн дзеда Талаша).Ёсць сярод пераможцаў і зусім сур’ёзныя людзі: «Ордэн зялёнага дуба» атрымае Павел Падкарытаў – мецэнат, які адрадзіў аграсядзібу ў Падароску; медалямі «За нашу і вашу свабоду» уганаруюць Змітра Юркевіча, які шмат зрабіў дзеля папулярызацыі гістарычнай постаці Тадэвуша Рэйтана, і яго сябра Змітра Дразда, які адчыніў грамадскасці шмат новых фактаў пра класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Квіткі на канцэрт 21 снежня можна набыць на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама на сайце Primehall.by і ў касах клуба.