Як Лявон Вольскі выступаў і падпісваў сцягі ў Гародні (фота)
Гурт Volski 12 траўня выступіў у гарадзенскім клубе "Галактыка". Перад канцэртам Лявон Артуравіч зладзіў аўтограф-сесію ў этнакраме "Цудоўня".
Падчас аўтограф-сесіі Лявон Вольскі ахвотна фатаграфаваўся з фанатамі, падпісваў цішоткі, сцягі, паштоўкі, мапы мясцін БНР у Гародні, разнастайны мерч і ўсё, што трапляла пад руку. Публіка падцягнулася "вышымаечная": можна было пабачыць адзенне і ўпрыгожванні амаль усіх вядомых беларускіх брэндаў. Прыйшлі ўдзельнікі касцюміраваннага балу, што праходзіў у той жа вечар у Новым замку, у маляўнічых строях а-ля XIX стагоддзе.
Сувенірная этнакрама "Цудоўня", ля якой ладзілася фотасесія, нядаўна пераехала ў новае памяшканне разам з крамай настольных гульняў "Кубік" і крамай натуральнай мэблі "33 камоды". Новае месца ўжо паспела стаць тусовачным. Напрыклад, незадоўга да аўтограф-сесіі там прайшла музычна-паэтычная імпрэза ад Арт-сядзібы, а 13 траўня адбудзецца лекцыя "Позневясновыя святы: Юр'я і Мікола" і адкрыццё сезону вулічных народных танцаў.
На канцэрце гурт Volski выконваў шмат "барадатых" хітоў NRM i Мроі, але прагучала і "свежая" песня, прысвечанная 100-годдзю БНР, "Героі не паміраюць", кампазіцыі з альбому "Псіхасаматыка" і "Белая яблыня грому".
Публікі было, здаецца, не менш, чым на мінскіх канцэртах Лявона Вольскага. Падалося, што ў Гародні фанаты нейкія жвавейшыя: заскакалі ўжо на першай песні. Але ж як не заскакаць, калі гэта "Паветраны шар"!
З падслуханнага: народ захапляўся, як кумір часта мяняе імідж. Нібы пачуўшы неагучаннае пытанне, Лявон Вольскі патлумачыў: "Ведаеце, ё такія абвесткі, "Набываем валасы". Дык вось дрэды там". І фарсіў касой грыўкай.
Спецыяльным госцем канцэрта быў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў («Дзецюкі»), разам з якім Вольскі праспяваў песню «Жорны».
Разыходзіцца народ яўна не жадаў, скандаваў "Вольскі" і "Яшчэ". Але ж усё добрае калі-небудзь сканчваецца, каб пачацца зноў. Канцэрт завяршыўся "Трыма чарапахамі", выкананнымі з дапамогай Пятра Клюева, і воклічамі "Жыве Беларусь". А потым "Простымі словамі" пасля выхаду на біс.
Фота аўтаркі