Катлета ў кішэні і аплявуха ад маці: Купалаўскі ўзнаўляе дзіцячыя ўспаміны
У дзяцінстве многае перажываецца ўпершыню. Першае знаёмства з морам, калі разумееш, што свет нашмат большы за горад, у якім жывеш. Першае разыходжанне паміж чаканнем і рэальнасцю: калі прыдумляеш тату, якога ніколі не бачыла, але перад табой паўстае такі чужы дзядзька. Першае даследаванне: што будзе, калі гузік зашпіліць на носік?
![dsc_4646_009dsc_4646.jpg dsc_4646_009dsc_4646.jpg](/img/v1/images/dsc_4646_009dsc_4646.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каб ператварыць канцэнтрат пачуццяў у п’есу, спадар Падаляка разам з сааўтарам Міхасём Зуем пераапрацаваў і звёў у адзіны тэкст уласныя ўспаміны акцёраў, сюжэты з інтэрнэту і лісты гледачоў, што адгукнуліся на заклік тэатра падзяліцца сваімі гісторыямі. Атрыманы матэрыял пераапрацоўваўся, міксаваўся, дапісваўся — у выніку атрымалася пярэстая коўдра з разрозненых эпізодаў, афарбаваных радасцю і смуткам, смехам і болем.
![dsc_4669_012dsc_4669.jpg dsc_4669_012dsc_4669.jpg](/img/v1/images/dsc_4669_012dsc_4669.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Купалаўскі акцэнтаваў увагу, што новая пастаноўка — першы эксперымент тэатра з вербацімам. Але гэта згуляла з пастановачнай камандай злы жарт: у прафесійнай прасторы больш спрачаліся пра жанравае дачыненне спектакля, яго ж насычэнне адышло на другі план.
![dsc_4472_002dsc_4472.jpg dsc_4472_002dsc_4472.jpg](/img/v1/images/dsc_4472_002dsc_4472.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так, каноны вербаціма, як дакументальнага тэатра, у якім вельмі важна перадаць не толькі гісторыю, але і інтанацыі, тэмперамент, характэрныя рысы канкрэтнага чалавека, парушаны. Ды сам Раман Падаляка пра гэта гаварыў на брыфінгу перад пачаткам паказу. Ён дакладна ведаў, якія перажыванні хоча вывесці на сцэну, таму не трымаўся вызначаных межаў. Мо, тэатру лепш было не зацыклівацца на прыгожым слове, якое для многіх стала па сутнасці яблыкам разладу?
![dsc_4600_007dsc_4600_bw.jpg dsc_4600_007dsc_4600_bw.jpg](/img/v1/images/dsc_4600_007dsc_4600_bw.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калі абстрагавацца ад пытанняў прыналежнасці, можна пабачыць, як праца над жывымі гісторыямі надала выдуманым персанажам непадробленую шчырасць. Некаторыя гледачы на перадпрам’ерным паказе плакалі, калі Крысціна Дробыш ад імя васьмігадовай дзяўчынкі з захаванай у голасе пяшчотай прасіла маці не падымаць на яе руку, бо «чалавека біць нельга — ні вялікага, ні маленькага», і распавядала свой спосаб выправіць сітуацыю: «Я пракручвала ў галаве ўсе магчымыя сітуацыі, бо мне казалася, калі пра іх думаць, яны не адбудуцца насамрэч».
![dsc_4651_011dsc_4651.jpg dsc_4651_011dsc_4651.jpg](/img/v1/images/dsc_4651_011dsc_4651.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэжысёр дорыць гледачам радасць пазнання, бо колькі з сённяшніх дарослых і самі калісьці планавалі пабег з садку, вылі ад фразы выхавацельніцы накшталт «калі не з’ясі кашу, то недзе памрэ кацяня» і хавалі ненавісную рыбную катлету ў кішэню кашулі толькі дзеля таго, каб нарэшце выпусцілі з-за стала.
![dsc_4579_006dsc_4579.jpg dsc_4579_006dsc_4579.jpg](/img/v1/images/dsc_4579_006dsc_4579.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прыемна, што мастак Таццяна Дзівакова не стала выводзіць на сцэну кіслотныя фарбы, якімі так любяць размалёўваць спектаклі, датычныя дзіцячай тэмы. Яе прастора сцэны чорна-белая, бы старыя фотаздымкі, з асобнымі светлавымі ці каляровымі плямамі, быццам успышкамі ўспамінаў. І першай прыкметнай дэталлю, што з’яўляецца ў руках акцёраў, становіцца літара «Я». Тая самая, пра якую нам у дзяцінстве казалі, што гэта апошняя літара алфавіту. Тая, якую рэабілітавалі сённяшнія псіхолагі: з яе дапамогай дзеці намацваюць сваю самасць і імкнуцца адчуць сябе асобай.
![dsc_4642_008dsc_4642_bw.jpg dsc_4642_008dsc_4642_bw.jpg](/img/v1/images/dsc_4642_008dsc_4642_bw.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Радуе, што акцёры Валянціна Гарцуева, Крысціна Дробыш, Іван Кушнярук, Павел Астравух не «гуляюць у малых», а ўслед за рэжысёрам імкнуцца ў дзіцячых успамінах знайсці тое апірышча, якое дапамагае дзятве ўпісацца ў жорстка прапісаныя дарослымі патрабаванні, але пры гэтым яшчэ не страціць даверлівасць і адкрытасць свету.
![dsc_4489_004dsc_4489.jpg dsc_4489_004dsc_4489.jpg](/img/v1/images/dsc_4489_004dsc_4489.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Раман Падаляка знарок не трыгерыць на страшэнных сітуацыях. Услед за шчымлівымі гісторыямі ён манціруе смешныя альбо лірычныя эпізоды. Рэжысёр улавіў галоўную псіхалагічную асаблівасць той часткі дзяцінства, якая яшчэ не дайшла да з’едлівасці падлеткавага ўзросту: ва ўспрыманні дзіцяці — неверагодным для дарослых людзей чынам — яднаецца балючы вопыт з радаснымі перажываннямі. Як адмоўныя, так і станоўчыя эмоцыі размяшчаюцца ў памяці, бы тыя «сакрэцікі» пад кавалкамі шкла. Аналізаваць іх чалавек будзе нашмат пазней. Вось гэтая бязмежная адкрытасць свету, якая яшчэ не паспела змяніцца расчараваннем, жыццёвым цынізмам і прагматызмам — надзвычай трапнае і самае каштоўнае назіранне пастановачнай каманды «Першага».
Дзякуй Купалаўскаму тэатру за прадастаўленыя фотаздымкі.