«Купалаўцы» паставілі спектакль па «экстрэмісцкім» рамане

«Купалаўцы» анансавалі прэм’еру — спектакль «Гусі-людзі-лебедзі», пастаўлены па адной з частак рамана «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча. У траўні стала вядома, што гэтую кнігу ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам». Гэта першая мастацкая кніга на беларускай мове, якую вырашылі афіцыйна забараніць.

Фота з рэпетыцыі. Аўтар: Эрык Арлоў-Шымкус

Фота з рэпетыцыі. Аўтар: Эрык Арлоў-Шымкус


У рамане дзяржаўная экспертыза нібыта вынайшла «распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варажнечы», а таксама «заклікі да масавых беспарадкаў дзеля незаконнага захопу ўлады».

Насамрэч, кніга з’яўляецца антыўтопіяй, у якой сярод іншага расказваецца пра 2049 год на тэрыторыі Беларусі, краіны, якая страціла незалежнасць і цалкам знаходзіцца пад уладай Расіі, без надзеі на адраджэнне.

Акурат гэтай тэме прысвячаюць свой спектакль «Купалаўцы». «Быць беларусам — гэта не мець свайго месца ў свеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так па-сутнасці мы і жывём», — гаворыцца ў анонсе.

Паставіў спектакль рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, які раней працаваў у РТБД. Таксама да каманды «Купалаўцаў» далучыўся экс-акцёр РТБД Мікалай Стонька. Ëн звольніўся з тэатра ў лістападзе 2020 года, запісаўшы відэапратэст супраць рэпрэсій «Я выходжу».

Таксама ў спектаклі так ці інакш занятыя: Аляксандр Казела, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Ігар Сігоў Аляксандр Зелянко, Кацярына Яворская, Андрэй Дробыш, Эрык Арлоў-Шымкус, Аляксандр Гарцуеў, Сяргей Чуб, Міхась Зуй і Зоя Белахвосцік.

Раней па рамане Бахарэвіча спектакль ставіў «Свабодны тэатр» — інсцэніроўку рамана зрабілі рэжысёр Мікалай Халезін і драматург Марыя Бяльковіч. У іх версіі большая частка спектакля прысвечаная падзеям рамана ў Берліне, дзе знаходзяць паэта, які памёр, а ў мінулым пісаў вершы на незнаёмай усім мове.

Спектакль будзе паказаны 17, 18 і 19 чэрвеня ў польскім Любліне (у Тэатры імя Юльюша Астэрвы). Навіны для гледачоў з Беларусі «Купалаўцы» абяцаюць напрыканцы месяца.