Купалаўцы вырашылі не закрываць доступ да анлайн-спектакля «Тутэйшыя»
«Тутэйшыя створаны ўсімі намі. І мы лічым немагчымым закрыць доступ да спектакля», — напісалі артысты ў сваім фэйсбуку.
«Нашыя Тутэйшыя адбыліся! У мінулы панядзелак на нашым ютуб-канале з'явіўся першы спектакль Незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы.
Без вас, без вашай падтрымкі, без вашай увагі гэта было б немагчыма. Пасля прэм'еры вы зрабілі тое, на што мы не маглі і спадзявацца. Цягам сутак наш канал атрымаў падтрымку ў сотню тысяч галасоў. Тысячы ўдзячных каментароў і паведамленняў!
Мы адчуваем вашую падтрымку, як ніколі. І да сёння мы ў шоку. Вы далі нам магчымасць зрабіць наступны крок на шляху анлайн існавання. Мы актыўна працуем над магчымасцю афіцыйна дапамагчы каналу. Будзем інфармаваць аб развіцці падзей.
Тутэйшыя створаны ўсімі намі. І мы лічым немагчымым закрыць доступ да спектакля. Афіцыйна аб'яўляем, што спектакль "Тутэйшыя" Незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы на векі вечныя жыве ў анлайн-прасторы! Доступ да прагляду застаецца свабодным. Вялікі купалаўскі дзякуй вам, наш ніжэйшы паклон усім гледачам. І над нашай сцэнай уздымецца заслона! І мы выйдзем на родную сцэну з гонарам звацца Купалаўцамі! Звацца Беларусамі!
Жыве Купалаўскі! Жыве Беларусь!», — напісалі былыя артысты Купалаўскага тэатра, а цяпер незалежныя Купалаўцы.
Нагадаем, тыдзень таму яны паказалі прэм'еру анлайн-спектакля «Тутэйшыя» паводле п'есы Янкі Купалы. Пасля гэтага ў сацыяльных сетках з’явіўся допіс з заклікам падпісацца на канал купалаўцаў, каб акцёры, якія ў жніўні звольніліся па палітычных матывах, змаглі зарабляць. Літаральна за два дні YouTube-канал акцёраў Купалаўскага тэатра набраў 100 тысяч падпісчыкаў. Цяпер іх 143 тысячы.