Купалаўскі тэатр ладзіць вулічную трансляцыю спектакля «Радзіва Прудок» (фота)
Сёння Купалаўскі праводзіць Тэатральны пікнік, прымеркаваны да святкавання 100-га тэатральнага сезона.

Упершыню пастаноўку тэатра сёння можна паглядзець на вуліцы: у скверы адбываецца жывая трансляцыя спектакля «Радзіва Прудок», пастаўленага па нашумелай кнізе Андруся Горвата. Сам аўтар, дарэчы, на адзін дзень зноў стаў дворнікам Купалаўскага.

Андрэй Горват сярод гледачоў спектакля «Радзіва Прудок»

Афішы нагадвалі пра тэатральны пікнік на выхадзе з метро "Кастрычніцкая". Трансляцыя спектакля сабрала, на вока, больш за дзве сотні чалавек. Сярод гледачоў — і хіпстэры з роварамі, і цэлыя сем'і з дзецьмі, і людзі старэйшага веку, і сам Андрэй Горват. У фантане, які яшчэ працуе, ідэлічна плавалі зялёныя мячыкі, дзеці іх радасна піналі, а некаторыя наведвальнікі прыстасавалі для сядзення.
Апроч спектакля гасцей чакалі і шматлікія іншыя інтэрактывы: цягам усяго дня можна было пачаставацца ў street-буфеце, зрабіць сабе вусы як у маладога Купалы, прагуляцца па тэатральным закуліссі, атрымаць запрашэнні на закрытыя паказы спектакляў і нават шанец выйсці на сцэну Купалаўскага. Тэатральны пікнік завяршыўся канцэртам з удзелам Ягора Забелава, Святланы Бень, гуртоў "Касіяпея", "ILI-ILI"
Фота Алены Ляшкевіч