Латыскае трыа Karmafree едзе ў першы тур па Беларусі
Першы ў гісторыі рыжскай эксперыментальнай каманды "Karmafree" тур пройдзе ў канцы верасня ў Беларусі. У складзе "Karmafree" — толькі вакал і рытм-секцыя.
Трыа актыўна ламае каноны уяўленняў пра рок-гурт і мае за спінаю сакавітыя канцэртныя трасы ў Прыбалтыцы і Вялікабрытаніі. Выдадзеныя на англійскім лэйбле Live and Dangerous сінгл і кліп "Invisible" — візітная картка гурта на сённяшні дзень. Узяўшы перапынак у запісе дэбютнага альбому, гурт накіроўваецца ў тур па 5 гарадох Беларусі:
24 верасня – Барысаў, Ірландскі Паб
25 верасня – Магілёў, Рок-Партал
26 верасня – Віцебск, Бітлз-клуб
27 верасня – Баранавічы, ДКТ
28 верасня – Мінск, Графіці
Каманда заснаваная ў Лондане ў 2010 годзе Марай (вакал) і Змітром Лысенкам (бас). Дуэт бас-гітары і вакалу, пазітыў-індзі/фанк з духоўнымі тэкстамі стаў яркім удзельнікам многіх канцэртаў і фестываляў па ўсёй Англіі. У 2011 годзе каманда пераязджае ў Латвію і змяняе стылістыку. Музыка "Karmafree" становіцца болей змрочнай, узбагачаецца электронным складнікам, кампазіцыі становяцца больш адкрытымі, тэматыка тэкстаў сыходзіць у сацыяльнае рэчышча.
У 2013 годзе да каманды далучаецца бубнач Віталь Раманаў. Гучанне становіцца яшчэ болей упэўненым: Мара пачынае выкарыстоўваць скрым і гроўл, а бас-гітара Змітра абрастае сакавітым перагрузам. У такім складзе гурт актыўна канцэртуе па Балтыі і Усходняй Еўропе і пачынае запісваць свой першы паўнафарматнік. Група выпусціла 2 сінглы Fragile і Invisible, на кожны з якіх знятыя кліпы. Абодва музычных відэа атрымалі вялікую папулярнасць на Латвійскім тэлебачанні і інтэрнэце.