Ліквідуюць аб’яднанне, якое займалася адраджэннем палаца Горватаў
На Гомельшчыне ў судзе ліквідуюць аб’яднанне, якое адраджала палац Горватаў у Нароўлі і манастыр у Мазыры.
Заўтра, 7 красавіка, у Гомельскім абласным судзе адбудзецца суд па прымусовай ліквідацыі гісторыка-культурнага грамадскага аб’яднання “Наследие Полесья”, піша "Штодзень".
Стваральнік аб’яднання – прадпрымальнік Аляксандр Баранаў. Менавіта пры ягоным удзеле на Гомельшчыне адбывалася аднаўленне двух цікавых аб’ектаў.
Былая мэблевая фабрыка ў Мазыры — кляштар цыстэрыянаў
Першы — гэта будынак былога каталіцкага манастыра ў Мазыры. У 2017 годзе Аляксандр Баранаў выкупіў у райвыканкама комплекс пабудоў: мужчынскі манастыр цыстэрцыянцаў і касцёл.
У канцы ХІХ стагоддзя касцёл быў перароблены пад запалкавую фабрыку. А ў пачатку ХХ стагоддзя фабрыку перапрафілявалі ў мэблевую.
Мэблевая фабрыка збанкрутавала — і яе будынак выставілі на аўкцыён, дзе яго ў 2017 годзе набыў Аляксандр Баранаў. Прадпрымальнік стварыў у комплексе культурную прастору “Даліна анёлаў”, дзе праводзіліся экскурсіі, прэзентацыі кніг, канцэрты і майстар-класы. Таксама ў планах прадпрымальніка было аднавіць касцёл.
Былы кляштар з касцёлам на плошчы 12 тысяч квадратных метраў Аляксандр набыў за 13 базавых +5 працэнтаў. Апроч гэтага трэба было адразу заплаціць 1000 долараў за афармленне папер, калісьці распавядаў бізнесовец. Да таго ж штогод Аляксандр мусіць выплачваць дзяржаве 12 661 рубель за зямлю, на якой месціцца кляштар. А яшчэ ж будынкі трэба ўтрымліваць і праводзіць працы па іх аднаўленні.
Аляксандр казаў, што «атрымаў у плечы руіну, дзе была толькі электрычнасць». Першыя два гады тут не было нават санвузла. У 2021 бізнесовец хваліўся "НЧ", што цяпер там ёсць і санвузлы, і кухня. За чатыры гады існавання ў якасці культурніцкай прасторы ў «Даліне Анёлаў» здолелі пазбавіцца ад значнай часткі смецця, якая засталося пасля фабрыкі, адрамантаваць некаторыя памяшканні, правесці шэраг мерапрыемстваў. У былым кляштары нават пачала дзейнічаць капліца, якая пачыналася як прыватная — Аляксандр браў на яе адмысловы дазвол у біскупа, — а потым стала парафіяльнай.
Як калісьці пісаў НЧ, бізнесовец Аляксандр Баранаў распавядаў журналістам пра касцёл: «Для мяне гэты аб’ект ніколі не быў фабрыкай. У маім уяўленні гэта заўсёды быў каталіцкі кляштар. Яшчэ з дзяцінства я меў вялікую прагу да старажытных пабудоў. Калі з’явілася магчымасць гэты аб’ект набыць, узяць у свае рукі. Калі я ўсвядоміў, што кляштар знаходзіцца пад пагрозаў разбурэння — у той момант я зразумеў, што аднаўленне манастырскага комплексу — гэта мой лёс. У спадчыну ад "Мазырдрэву" мы атрымалі 12 тысяч квадратных метраў і горы смецця».
Другі аб’ект – гэта палац Горватаў у Нароўлі. У 2020 годзе Пятро Кузняцоў разам з Аляксандрам Баранавым і пісьменнікам Андрусём Горватам (аўтарам кніг “Радзіва “Прудок” і “Прэм’ера”) набылі закінуты палац Горватаў у Нароўлі, які паціху пачалі аднаўляць.
Палац Горватаў, Нароўля