Літоўская спявачка паехала на «Славянскі базар». Мінкульт Літвы: Мы не на Усходзе, каб складаць чорныя спісы

У Літве не сціхае скандал з паездкай мясцовай спявачкі Біруце Петрыкіце на «Славянскі базар». Паездку спявачкі і яе дзіўныя выказванні ацанілі многія калегі. Выказаўся і літоўскі міністр культуры Сіманас Кайрыс.

«Я лічу, гэта толькі пацвярджае, што калі ёсць правіла, будзе выключэнне. Выключэнне толькі пацвярджае правіла. Напэўна, правіла, што Літва ведае, хто ёсць хто, можа адсеяць мерапрыемствы, якія выкарыстоўваюць для прапаганды. Але адзін чалавек, або некалькі людзей, якія не разумеюць, што адбываецца, заўсёды будуць. Гэта хутчэй выключэнне, якое пацвярджае правіла, бо ўвогуле ў Літве ўсё разумеюць», — цытуе міністра Delfi.

Міністэрства не мае намеру займацца адборам выканаўцаў, сказаў Кайрыс. Па яго словах, гэта можа нанесці шкоду.

«Мінкульт імкнецца пазбягаць такой ролі, каб не станавіцца цэнзарам. Я думаю, бессэнсоўны занятак вызначаць, хто можа выступаць, а хто не, тым больш што мы — дэмакратычная, заходняя краіна. Мы будзем не надта адрознівацца ад суседзяў на ўсходзе, калі пачнём уводзіць штрафы, складаць чорныя спісы — я думаю, гэтага не трэба рабіць», — сказаў міністр.

Прыклад Біруце Петрыкіце, на ягоную думку, толькі паказвае, што машына прапаганды дзейнічае. Па словах Кайрыса, ворагу толькі гэтага і трэба.

«Прамой шкоды ж няма. Мы гаворым пра асобныя выпадкі, але бяда ў тым, што іх бярэ на ўзбраенне варожая прапаганда і выкарыстоўвае гэта як вялікую тэму, падзею. Думаю, чым менш увагі мы будзем надаваць такім непаразуменням, тым будзе прасцей. У адваротным выпадку мы трапляем у мясарубку прапаганды», — адзначыў міністр.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: