Лятучы ўніверсітэт абвяшчае набор на новую праграму і запрашае на імпрэзу
Імпрэза пад назвай «Лятучы вядомы і невядомы» адбудзецца 19 верасня а 20.00 у залі Корпус 8 (Машэрава, 9). Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя!
Мысленне — прастора, па якой немагчыма хадзіць аднаму. Тут патрэбныя паплечнікі, калегі, апаненты, крытыкі, сябры і ворагі. Хто ёсць хто, якую з пазіцый прыняць, дзе праўда, а дзе мана, што абраць — невядомую сцежку ці пракладзены шлях? Паддаўшыся спакусе гэтага фантастычна цікавага падарожжа, хтосьці адразу будзе шукаць Настаўніка, хтосьці — спачатку добрую кампанію... Паступова прыйдзе да разумення таго, што ў гэтым падарожжы мусіць знайсці перад усім сябе, сваю ідэнтычнасць, сваё разуменне Часу і Прасторы…
Лятучы ўніверсітэт ад пачатку існавання пазыцыянаваў сябе як прастора мыслення і супольнасць — перад усім, і толькі потым — як адукацыйныя курсы і школы. Ён спрабаваў пазначыць сябе праз шэраг амбітных, часам правакатыўных, а часам незразумелых вобразаў: «Універсітэт не для студэнтаў», «Універсітэт гульні», «Асабістая траекторыя ў вольнай адукацыйнай прасторы і педагогіка ідэала» і г.д . У гэтым пошуку ўніверсітэт спрабуе пазначыць сябе для тых, каго цікавяць не дыпломы і прэстыжныя прафесіі, а актуальныя і ўнікальныя напрамкі сучаснай беларускай думкі, розныя падыходы ў мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, хто шукае свайго Настаўніка.
Лятучы ўніверсітэт у сталым руху і сталым пошуку, таму кожная новая праграма, з аднаго боку, працягвае добрыя традыцыі, але, разам з тым, і спрабуе пазначыць новыя акцэнты, зыходзячы з актуальнай сітуацыі і патрэбаў часу, выклікаў знешніх і ўнутраных.
Ці варта пайсці гэтым шляхам? На чым засяроджвае ўвагу супольнасць у гэтым годзе? Якія магчымасці прапануе новая праграма? І які ён насамрэч — Лятучы ўніверсітэт?
У межах Тыдня беларускага мыслення Лятучы ўніверсітэт запрашае да сумоўя «Лятучы вядомы і невядомы», дзе Вы даведаецеся пра розныя бакі жыцця і дзейнасці Лятучага з «першых вуснаў». Пра ўнікальную прастору супольнага мыслення, адукацыі і развіцця, а таксама пра планы на бліжэйшы навучальны год распавядуць Сябры супольнасці Лятучага – лектары, сталыя ўдзельнікі курсаў, Школаў і семінараў. У імпрэзе прымаюць удзел: Уладзімір Мацкевіч і Павел Баркоўскі, Ігар Бабкоў і Вячаслаў Бабровіч, Ірына Дубянецкая і Тацяна Вадалажская, Міхаіл Баярын, Алег Дзярновіч і Іван Вядзенін, Аксана Шэлест, Андрэй Шутаў, Юлія Галіноўская ды інш.
Выступоўцы будуць готовыя адказаць на ўсе Вашыя пытанні, якія, дарэчы, Вы можаце даслаць заранёў, зайшоўшы па спасылцы «Задайце пытанне Лятучаму».
Папярэдне пазнаёміцца з новай праграмай можна на нашым сайце.
Паводле прэс-рэліза