Лявон Вольскі прэзентуе новы альбом 2 сакавіка ў Мінску
2 сакавіка ў Prime Hall адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага «Гравітацыя». Музыка прадставіў другі кліп з будучага дыска на песню «Аперацыя адукацыя». На плытку ўжо сабрана 75% ад неабходнай сумы.
Новая песня завецца «Аперацыя адукацыя». У гучным фінале Лявон Вольскі спявае: «Адукацыя – акупацыя! На ўсім жыцці адбіваецца». Рэжысёр атмасфернага відэа – Серж Аўсянік. Дарэчы, Лявон пісаў песню не толькі як былы вучань і бацька, але і як дыпламаваны настаўнік чарчэння і малявання.
– Натуральна, што хібы адукацыі ёсць усюды, але адна сітуацыя ў Фінляндыі і зусім іншая – у Беларусі, – распавядае Лявон Вольскі. – Памятаю, як у час педпрактыкі працаваў у адной са школ Мінска. Па-першае, нават настаўнікам нельга было хадзіць з доўгімі валасамі: даводзілася хаваць іх пад каўнер і завязвацца шалікам. Па-другое, было вельмі дзіўна, наколькі шаблоннае мысленне навязвалася дзецям. Напрыклад, я даваў творчае заданне – намаляваць жывёлу. У выніку нехта першы маляваў сабачаня, а астатнія проста паўтаралі. Мне здаецца, што за 35 гадоў змяніліся дробязі, а сутнасць, на жаль, засталася тая самая.
Першы сінгл з новага альбома – «Зніклыя людзі» – быў прадстаўлены ў лістападзе. У межах краўдфандынга на новы альбом «Гравітацыя» сабрана 75% ад неабходнай сумы. У адказ на ахвяраванні прыхільнікі могуць атрымаць сам альбом, эксклюзіўны мерч, а таксама адмысловыя мастацкія працы Лявона Вольскага.
Канцэртная прэзентацыя альбома «Гравітацыя» адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. У межах вялікага электрычнага канцэрта прагучаць новыя песні, а таксама галоўныя хіты з папярэдніх альбомаў і розных этапаў кар’еры Лявона Вольскага. Квіткі ўжо можна набыць на сайтах Kvitki.by, Primehall.by, а таксама ў касах горада. Даведка: (033) 661 14 32.
Паводле прэс рэліза