«Людзі Літвы» ў Мінску

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 6 чэрвеня адкрываецца выстава мэтра літоўскай фатаграфіі Антанаса Суткуса «Людзі Літвы».

afisza_19.jpg


Лаўрэат Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва, Кавалер Ордэна мастацтва і літаратуры (Chevalier des Arts et Lettres) Антанас Суткус —адзін з найбольш выбітных прадстаўнікоў гуманістычнай фатаграфіі ў Еўропе і свеце, які ў 70-х гг. XX стагоддзя разам з калегамі заклаў асновы літоўскай фатаграфічнай школы.
Мэтр літоўскай фатаграфіі Антанас Суткус разам з тым з’яўляецца і адным з самых знакамітых за межамі краіны літоўскіх фатографаў, яго творчасць асабліва цэніцца і экспануецца ў прэстыжных галерэях па ўсім свеце. Антанас Суткус, чые зафіксаваныя штодзённыя вобразы параўноўваюць з працамі легендарных майстроў — француза А. Карцье-Брэсона і венгра А. Кертэса, прадставіць у Мінску больш за сотню архіўных срэбных адбіткаў, якія ствараліся больш за 50 гадоў і аб’яднаныя ў фатаграфічны цыкл «Людзі Літвы».
«Людзі Літвы» — гэта бясконцая серыя фотаздымкаў, у якіх знікаюць межы паміж інфармацыйнай і мастацкай фатаграфіяй, бо іх аўтара цікавіць не чыстая дакументалістыка, але глыбіня душы чалавека з яго радасцямі, адзінотай, пакутамі і спачуваннем. На фотаздымках А. Суткуса ўвекапомненыя мастакі, вяскоўцы і гараджане, дзеці, палітыкі, вязні Каўнаскага гета, што перажылі Халакост, і іншыя. Фатографу ўласныя інтуітыўнасць, здольнасць лёгка знаходзіць эмацыйную сувязь з людзьмі, якіх ён фатаграфуе, тонкае адчуванне і перадача імгнення штодзённасці. А. Суткусу важна ўвекапомніць людзей Літвы ў іх аўтэнтычным і блізкім самому фатографу асяроддзі, пранікнуць позіркам у індывідуальны характар чалавека і імгнення.
Кажучы пра сваю фатаграфію, А. Суткус адзначае: «Людзі такія, якія ёсць, але калі я іх фатаграфую — гэта «мае людзі», такія, якімі я іх бачу. З дапамогай сваёй камеры я заўсёды імкнуўся асэнсаваць свет, што акружае мяне».

Антанас Суткус нарадзіўся ў 1939 годзе ў в. Клуонішкяй (Каўнаскі р-н), вывучаў журналістыку ў Вільнюсе, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і ў 1969 годзе стаў заснавальнікам Таварыства фотамастацтва Літвы, якім доўгі час і кіраваў. А. Суткус узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй культуры і мастацтва Літвы, Ордэнам Гедыміна. У мінулым годзе аўтару ўручаная Прэмія Эрыха Саламона, якая аказала вялікі ўплыў на сучасную прэс-фатаграфію і ўручалася такім вядомым фатографам, як Марцін Парр, Рэнэ Буры, Роберт Франк, Себасцьян Салгаду, а таксама перыядычным выданням «Stern», «Frankfurter Allgemeine Zeitung», «National Geographic Magazin» і іншым. Вялізны архіў творчасці аўтара ўсё нанова адкрываюць не толькі літоўскія, але і замежныя куратары і выдаўцы, яго працы захоўваюцца ў самых знакамітых музеях свету, а французы ўдзячныя А. Суткусу за незвычайную калекцыю фотаздымкаў падарожжа пісьменніка Ж.-П. Сартра па дзюнах Ніды, якая паўплывала і на французскую скульптуру — па адным са зробленых А. Суткусам фотаздымкаў Ж.-П. Сартра быў створаны помнік, які цяпер стаіць у Парыжы побач з Нацыянальнай бібліятэкай.
Адкрыццё выставы адбудзецца 6 чэрвеня а 18-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды 15, Мінск). Выстава «Людзі Літвы» будзе экспанавацца з 6 чэрвеня па 8 ліпеня. Арганізатары выставы: Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага і Фатаграфічны архіў Антанаса Суткуса. Спонсар выставы — Савет культуры Літвы.