«Маё права» – стартуе новы праект для дзяцей ад «Будзьма!»

Кампанія «Будзьма беларусамі!» распачынае праект «Маё права», які пакліканы пашырыць веды пра свае правы ды магчымасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў.

majo_prava.jpg

Праблема неабароненасці новага пакалення ў нашай краіне выклікае трывогу. Сучасная беларуская моладзь часцяком банальна не толькі не ведае сваіх правоў, але і наогул слаба знаёмая з такім паняткам, як правы чалавека. І ў выпадках крытычных сітуацый нават не ведае, куды звярнуцца па дапамогу.

Праблема не выглядае надуманай. Паводле дадзеных ЮНІСЭФ у Беларусі, у нашай краіне 31% бацькоў усё яшчэ практыкуе фізічнае пакаранне альбо псіхалагічны ціск на дзяцей, а больш за 30% дзяцей ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў падвяргаліся розным відам гвалту (псіхічны, фізічны, сэксуальны). Насцярожанасць выклікае і той факт, што нярэдка дзеці сутыкаюцца з такімі дзеяннямі з боку спецыялістаў, якія паводле сваіх пасадаў мусілі б займацца адваротным – абараняць і дапамагаць.

Разам з партнёрамі “Будзьма!” у межах праекта распачынае шырокую камунікацыйную кампанію, якая будзе складацца з культурніцкіх, асветніцкіх, дыскусійных і кансультацыйных мерапрыемстваў. А менавіта:

– правядзенне інтэрактыўных гульняў-спектакляў па асновах правоў чалавека для самых маленькіх;

–  шэраг тэматычных артыкулаў на сайце budzma.by з каментарамі экспертаў і практычнымі парадамі; 

– конкурс эсэ для школьнікаў;

– публічныя дыскусіі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах;

– шэраг відэаролікаў з удзелам адмыслоўцаў, дзе будуць разбірацца канкрэтныя сітуацыі. Першы ролік пра тое, якім чынам вырашыць канфлікт паміж настаўнікам і вучнем ужо дасяжны для прагляду:

Сачыце за навінамі праекта па хэштэгу #маёправамаю ў сацыяльных сетках!

Партнёры праекта: ГА “Таварыства беларускай школы”, адвакацкае бюро "Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры", агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, Сацыяльна-культурная ўстанова “Цэнтр ініцыятываў”.