Мядзведзік Топа з «Калыханкі» перамог на глядацкім галасаванні

Мядзведзік Топа з дзіцячай «Калыханкі» стаў найлепшым беларускім тэлевядоўцам на думку гледачоў. Такі вынік інтэрнэт-галасавання, якое праходзіла на сайце тэлеканала СТВ і было прымеркаванае да XII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». За Топу, якога агучвае актор Уладзімір Варанкоў, прагаласавалі 38% удзельнікаў.

topa.jpg

Галасаванне пачалося 14 траўня і завяршылася а 12-й гадзіне 19 траўня. За Топу актыўна агітавалі галасаваць карыстальнікі сацсетак.


На конкурсе «Тэлевяршыня» «Прыз глядацкіх сімпатый» для найлепшага вядоўцы існаваў у 2005-2010 гадах. Потым гэтая намінацыя знікла. Аднак сёлета арганізатары вырашылі аднавіць традыцыю, паведамляе Еўрарадыё.


На прыз глядацкіх сімпатыяў прэтэндавалі 22 вядоўцы з беларускіх тэлеканалаў. Найбліжэйшымі канкурэнтамі Топы сталі Вольга Бурлакова і Аляксандр Мяжэнны, якія вядуць праграму «Раніца. Студыя добрага настрою» — у іх амаль 30% галасоў.


Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў XII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» адбудзецца 20 траўня ў Палацы Рэспублікі.