Музыка горных аулаў прагучыць у Мінску
У Мінску можна будзе далучыцца да музычных традыцый Паўночнага Каўказу. 10 кастрычніка ў паб-клубе «Графіці» выступяць Хьэг'эудж гуп (бел. «Хагаўдж») — гурт з Нальчыка (Кабардзіна-Балкарская рэспубліка Расіі), што выконвае традыцыйную адыгскую музыку.
Не займаючыся рэканструкцыяй, «Хагаўдж» грае дзеля ўласнага задавальнення і імкнецца зрабіць сваю творчасць зразумелай і дасяжнай для ўсіх зацікаўленых. Разумеючы традыцыю як велізарнае поле, у якім можна знайсці ўласныя голас і гучанне, яны спрабуюць захаваць жывую сувязь з нацыянальнай музыкай.
З інтэрв’ю аднаго з удзельнікаў гурта Булата Халілава расійскай Афішы Daily:
«Мы займаемся фальклорам не для таго, каб абараніць традыцыйную культуру або, як многія мяркуюць, ратаваць народы. Мы робім гэта таму, што аўтэнтычны фальклор — вельмі файная музыка, актуальная і магутная. Мы прыйшлі да яе праз меламанства: блэк-метал, дроўн, эксперыментальнае тэхна, а не з пачуцця патрыятызму або чагосьці падобнага. Гадоў да дваццаці ўсё, што было звязана з традыцыйнай культурай, здавалася нам сумным. Мне наогул не хацелася размаўляць на роднай мове. Але калі мы, меламаны, пачулі аўтэнтычны фальклор у выкананні ансамбля «Жъыу», мы зразумелі, наколькі гэта моцная музыка… Вядома, нам не хочацца вяртацца ў XIX стагоддзе, бачыць чаркесаў з шашкамі на конях. Але фальклор можа гарманічна ўпісацца ў сучаснае грамадства. Гэта пытанне не музейнасці або захавання дзеля захавання, а ўзбагачэння нашага сучаснага жыцця».
Удзельнікі гурта выдаюць музыку, запісаную ў этнаграфічных экспедыцыях па сваім рэгіёне, на ўласным лэйбле Ored Recordings і вядуць штотыднёвую перадачу на радыё Кабардзіна-Балкарыі. Перадача выходзіць на кабарддзінскай (адыгскай) мове, але ж мова музыкі ўніверсальная, праўда? Зацікаўленыя могуць слухаць трансляцыі праз Facebook шточацвер а 19.10 (час у Нальчыку і Мінску супадае).
Для выступу ў Мінску «Хагаўдж» падрыхтаваў рознажанравыя творы — ад эпічных паданняў і рытуальных мелодый да песень часоў Грамадзянскай вайны. З беларускага боку выступ падтрымаюць удзельнікі пост-фалклорных гуртоў «Мярэжа», «Астроўна», «Кудмень», «Рада».
Імпрэзу арганізуе Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Уваход вольны! Але вітаецца free donation на карысць гасцей.