На Гродзеншчыне адмянілі канцэрты гурта «J:Морс»

У Гродзенскай вобласці адмянілі тры канцэрты гурта «J:Морс», якія былі запланаваныя на травень. Як напісаў у Facebook яго лідар Уладзімір Пугач, на некалькіх пляцоўках узніклі «тэхнічныя прычыны», на адной — «успышка каронавіруса».

77b7133243f114d6fd9cc234309abdfc_l.jpg


«Усюды прамоўтары — прыватныя кампаніі, — адзначае Пугач. — Разумеем, што ў іх і выбару, хутчэй за ўсё, не было. Дзякуй, што паспрабавалі», — перадае «Еўрарадыё».

Лідар гурта «J:Морс» піша, што «не без прыгодаў», але канцэрты ў падтрымку новага альбома ў Мінску і Магілёве адбыліся: «Што далей — пакуль не ведаем».

Летам 2020-га Уладзімір Пугач падтрымаў мірныя пратэсты ў Беларусі, увайшоў у Каардынацыйную раду, яго пасля выклікалі на допыт. «Будзем спрабаваць і далей пры першай жа магчымасці граць для вас, — піша ён. — Важна верыць, што гэта наша з вамі краіна ўжо цяпер, сёння».