На рэстаўрацыю замкаў у Гальшанах і Крэве выдзелілі больш за мільён рублёў
Працы па кансервацыі з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй сцяны Крэўскага замка і Паўночнай вежы Гальшанскага замка пачнуцца сёлета. Для гэтага з фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена больш за мільён рублёў.

Гальшанскі замак. Фота: 2kola.by
— На правядзенне работ на вежы Гальшанскага замка выдзелена 250 тысяч рублёў. Праектам прадугледжана рэстаўрацыя кладкі сцен, устраенне даху, унутранае аздабленне вежы, устаноўка сталярных вырабаў і ўстраенне дэманстрацыйных лесвіц на другі паверх вежы, — распавяла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Дзякуючы гэтым работам будзе адноўлены істотны фрагмент Паўночнай вежы Гальшанскага замка, і ў далейшым тут з'явіцца музейная экспазіцыя. Яна раскажа аб знакамітых беларускіх дынастыях Гальшанскіх, Сапегаў і, вядома, пазнаёміць з гісторыяй аднаго з унікальных замкаў на тэрыторыі Беларусі. Госці змогуць убачыць тут і выяўленыя на тэрыторыі замка археалагічныя знаходкі.
На працы на Крэўскім замку выдзелена амаль 900 тысяч рублёў. Плануецца аднавіць участкі паўночна-заходняй сцяны, а абароніць ад дажджоў і снегу гэты фрагмент замка чарапічны дах.

Крэўскі замак. Фота: belarus.svobodno.su
— Паўночна-заходняя сцяна Крэўскага замка працягласцю каля 95 метраў у некаторых участках дасягае вышыні каля дзевяці метраў. І тут захаваліся гнёзды ад бэлек баявой галерэі, — працягвае Алена Клімовіч. — З вонкавага боку сцяны захавалася і аўтэнтычная бутавая кладка, якая таксама будзе закансервавана.
Летась у Смаргонскім раёне завяршыўся першы этап кансервацыі Крэўскага замка. І цяпер абараняе яго Княскую вежу двухузроўневы дах агульнай плошчай 450 м². Мінімізуе ўплыў навакольнага асяроддзя і адмысловая апрацоўка сцен, якая не дае расці моху, прадухіляе з'яўленне грыбкоў і цвілі.
Паводле grodnonews.by