Наталка Харытанюк: «Марылі вучыць англійскую мову праз беларускую? Цяпер гэта магчыма!»

«English з Наталкай» — гэта відэакурс англійскай мовы з пісьменніцай Наталкай Харытанюк для дзяцей і дарослых-пачаткоўцаў!

natalka_anhlijskaja_mova.jpg

Пісьменніца Наталка Харытанюк пачала весці канал з урокамі англійскай мовы па-беларуску. Школьны матэрыял — простымі словамі! Канал будзе карысны дзеткам 5-га класа — а таксама ўсім пачаткоўцам.

За тыдзень існавання канала на ім з’явілася ўжо тры відэа. Аўтары «English з Наталкай» прапануюць засвойваць мнематэхнікі, прыдуманыя Наталкай — і вучыцца хутка запамінаць новыя словы!

Пісьменніца Наталка Харытанюк і яе каманда абяцаюць: «З намі і вы зможаце расказаць па-англійску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях!»



Каманда Наталкі адзначае, што курс створаны для беларускамоўных вучняў паводле падручніка Лапіцкай: «Вітаем, сябры! Мы вельмі рады такой колькасці станоўчых водгукаў на наш першы відэаўрок. Дзякуй вам вялікі! Крыху раскажам пра свае планы: кожны тыдзень мы будзем выкладваць новы ўрок з тым разлікам, каб з пачаткам новай чвэрці пяцікласнікі ўжо змаглі пачаць вучыцца па нашых відэа. Таму падпісвайцеся, каб не прапусціць новыя відэаўрокі і розныя цікавосткі — тэсты і дапаможны матэрыял для тых, хто вывучае англійскую мову».

Сачыць за навінамі відэакурса «English з Наталкай» можна праз Instagram і ў фэйсбуку.



Хто такая Наталка Харытанюк?

harytanjuk.jpg



У Instagram курса адзначаецца: «Выкладаць англійскую мову вам будзе сапраўдная казачніца — Наталка Харытанюк. Яна ведае безліч гісторый для дзяцей і дарослых. Некаторыя з іх пераўтварыліся ў сапраўдныя кнігі. Іх назбіралася ажно 4, сярод іх і дзіцячыя, і дарослыя. Але апроч таго Наталка ўжо 15 год навучае англійскай мове. Дзе толькі яна яе не выкладала: і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, і на курсах у школе замежных моў «Streamline», давала прыватныя ўрокі дома і дыстанцыйна, і нават трошку вяла свой блог».

Наталка Харытанюк скончыла факультэт замежных моў БрДУ, у 2007 годзе на філалагічным факультэце БДУ абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Джуліяна Барнза.

Лаўрэат прэміі «Дэбют» (2010) за кнігу апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката», трапіла ў лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройца за 2013 год.