Не стала Яна Савіцкага
Хлусілі мне,
што Я —
Толькі гліна.
Але не!
На далоні Крышны
Я — пяро паўліна.
Ян Збажына
Малады нябожчык толькі ўпрыгожвае смерць. Гэтая эпітафія належыць баранавіцкаму паэту Яну Савіцкаму (літ. псеўданім Ян Збажына). Тады, калі паэт пісаў гэтыя словы, то не ведаў, безумоўна, што напісаў
пра сябе. 10 лютага 2011 года выбітны баранавіцкі паэт Ян Савіцкі памёр пасля цяжкай хваробы ў Берасцейскім шпіталі.
Хлусілі мне,
што Я —
Толькі гліна.
Але не!
На далоні Крышны
Я — пяро паўліна.
Ян Збажына
Малады нябожчык толькі ўпрыгожвае смерць. Гэтая эпітафія належыць баранавіцкаму паэту Яну Савіцкаму (літ. псеўданім Ян Збажына). Тады, калі паэт пісаў гэтыя словы, то не ведаў, безумоўна, што напісаў
пра сябе. 10 лютага 2011 года выбітны баранавіцкі паэт Ян Савіцкі памёр пасля цяжкай хваробы ў Берасцейскім шпіталі.
Нарадзіўся Янка 31 сакавіка 1964 года ў Баранавічах. У 1993 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе яго студэнты і выкладчыкі за прыхільнасць да беларускасці ласкава
называлі «шаноўны». Ён адзін з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х. Пачынальнік скаўцкага руху ў Баранавічах і Беларусі. Удзельнічаў у заснаванні баранавіцкай філіі БАЖ,
сябра АГП.
Па адукацыі Ян Савіцкі быў гісторыкам, па жыцці — філосафам, а па прызванню стаў паэтам. Яго творы друкаваліся ў беларускіх літаратурных выданнях («Полымя»,
«Маладосць», «Бярозка», «ЛІМ», «Ніва», «Дзеяслоў»), а вершы ўваходзілі ў шматлікія зборнікі. У 2004 годзе пры
падтрымцы Баранавіцкай Рады ТБМ была выдадзена яго кніга паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў». Выданне была станоўча ацэнена крытыкамі і прыхільнікамі роднага слова. Нават на бальнічным
ложку Янка Савіцкі меў шмат літаратурных планаў. Хацеў выдаць яшчэ адну кнігу. На жаль, лёс склаўся па-іншаму.
Зямны шлях і творчасць Яна Савіцкага — гэта амаль сапраўдная копія жыццёвай і паэтычнай палітры Анатоля Сыса. Абодва былі таленавітымі і неардынарнымі людзьмі. Яны напісалі не шмат вершаў,
але паэтычная нетрадыцыйнасць тут відавочная. Агульнае тут і тое, што паэтычны талент і іх саміх паступова забіваў алкаголь. У абодвух яскрава праяўлялася таксама і непрыстасаванасць да жыцця. Яны
абодва памерлі, каб не стамляць нікога: ні Бога, ні людзей і ні саміх сябе.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ