Някляеў заспявае з Вайцюшкевічам у Вільні

4 сакавіка Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Някляеў і WZ–Orkiestra дадуць у Вільні юбілейны канцэрт «Нашы каханыя», прымеркаваны да 10-годдзя супольнай творчасці музыкі і паэта. Падчас імпрэзы Уладзімір Някляеў будзе не толькі чытаць вершы, але і спяваць.

31_7.jpg

– Мала хто ведае, што Някляеў не толькі геніяльны паэт, але і таленавіты спявак, – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. – І калі ён піша вершы на музыку, дык заўсёды запісвае працоўную версію са сваім вакалам. Потым мы спрачаемся, і, бывае, доўга, як лепш выконваць песню.

– На сцэне я ўсё жыццё, але не спяваў на публіцы даўно. Апошні раз яшчэ на пачатку 80-х у Калоннай зале Дому саюзаў на вечарыне паэта Льва Ашаніна, аўтара геніяльных песень «Эх, дарогі», «Цячэ рака Волга» ды іншых, – згадвае Уладзімір Някляеў.

Пачуць першы афіцыйны фрагмент спеваў Някляева з Вайцюшкевічам можна ў адмысловым відэароліку.

Квіткі на канцэрт каштуюць ад 31,5 да 47,5 рублёў. Апошняя частка квіткоў толькі ў «Тэатральнай касе» (Мінск, вул. Калініна 5, працоўныя дні з 10.00 да 19.00). Даведка: (017) 395 05 65, (033) 6 5555 96.

Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы, дзякуючы падтрымцы МЗС Літвы. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба ад 15 студзеня да 15 лютага ўключна. Пакрокавая інструкцыя – http://www.zagranicy.lt/vizy-oformlenie.

Паводле  budzma.by