Някруглая дата Уладзіміра Пракапцова
8 жніўня 2014 г. дырэктару Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі споўніўся 61 год.
Незаўважна праімчаліся 16 год ягонага дырэктарства: звыклы госць нашай газеты — праз інтэрв’ю, а часцей праз выдатныя выставы, што ім рыхтуюцца, а анансуюцца на старонках “НЧ” — ён вельмі арганічна глядзіцца ў дырэктарскім крэсле.
Варта прыгадаць, што змянілася пры Уладзіміру Іванавічу. Толькі яго шчыры “камсамольскі” імпэт дазволіў збудаваць, нарэшце, другі корпус Музея, запланаваны яшчэ ці не ў 1947 г., і ператварыць Музей у сучасную экспазіцыйную і навуковую пляцоўку. Толькі пры Пракапцове пачалі рэгулярна адбывацца значныя праекты ў сферы музейна-культурнага абмену з Расіяй, Украінай, Літвой, Польшчай ды іншымі краінамі. Музей “адпусціў” свае філіялы, якія пайшлі ў годнае самастойнае плаванне, прыкладам, Мір. Музей навучыўся лёгка і натуральна прыцягваць наведнікаў — хто не быў на “начах музеяў” у Нацыянальным. У студыі “Цюбік” Музей выхоўвае малыя таленты. Усе ініцыятывы не пералічыць.
Часам сябры пасміхаюцца, калі Уладзімір Іванавіч дазваляе сабе невялікія персанальныя выставы, альбо з задавальненнем фатаграфуецца побач са славутымі гасцямі Музея. Але гэта слабасці, якія не засланяюць асноўную вялікую працу, якую з захапленнем робіць Пракапцоў — чалавек на сваім месцы. Віншуем!