
Кожны кампазітар марыць напісаць “Свадзебку Стравінскага. Так сказала Ларыса Сімаковіч, два гады таму ажыццявіўшы сцэнічную версію
“Свадзебкі І. Стравінскага, чым павялічыла рэестр увасобленых на тэрыторыі Беларусі балетных партытур кампазітара. А сёлета, вярнуўшыся ў іпастась
кампазітара, стварыла маштабнае сцэнічнае палатно на аснове маленькай прыпавесці Максіма Багдановіча “АПОКРЫФ.
Прэм'ера спектакля, дзе персанажы Багдановічавай прыпавесці — Народ, Хрыстос, Апосталы, Музыка — выйдуць на сцэну ў новым абліччы, набыўшы новае музычнае
жыццё, адбудзецца 9 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі . Выканаўцы — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча
пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь — мастацкі кіраўнік і дырыжор
Наталля Міхайлава, фальклор-тэатр “Госьціца, артысты і майстры беларускай сцэны.
“АПОКРЫФ загучаў. Стаў музыкай. Мелодыямі і
гімнамі сталі пякучыя і пранізлівыя словы Максіма Багдановіча: “Хрыстос ізноў сышоў на зямлю, каб споўнілася тое, аб чым казалі прарокі….
Апосталы, Музыка, Народ са сцэны Вялікай залы Белдзяржфілармоніі будуць спяваць пра красу васілька і важкасць коласа, пра тое, што “няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць
спажытак дзеля душы. А голас Хрыста з незямных вышынь магутным гімнам сыдзе да свайго народа, зазірне ў вочы, запытаецца....
Незабяспечаны ні выпрабаваннем часу, ні пастановачнай “абкаткай, ні стандартам гучнага замежнага імя, адмысловы беларускі “прадукт з беларускімі калектывамі і
выканаўцамі выклікае павагу і захапленне.