«Оскар»-2018: у прадчуванні цёмных часоў

Галівуд застаецца бастыёнам лібералізму і палітычнай карэктнасці. Але ў карцінах, намінаваных на сёлетні «Оскар», з’явіліся героі і інтанацыі, што прадчуваюць надыход цёмных часоў.

download_41.jpeg


Найбольшую колькасць намінацый мае фантастычная стужка чараўніка Гійерма дэль Торы Форма вады — 13. Стужка распавядае пра любоў нямой прыбіральніцы да чалавека-амфібіі, прывезенага ваеннымі ў лабараторыю. Паколькі злыя ваенныя вырашылі забіць пачвару, гераіня карціны разам з цемнаскурай каляжанкай, старым геем — і з нявольнай дапамогай савецкага шпега — выкрадаюць істоту, каб вызваліць на свабоду. Дарэчы, акцёр Майкл Стулбарг, які граў шпега, вельмі хацеў, каб ягоны герой гаварыў «з мінскім акцэнтам» (акцэнт атрымаўся амерыканскім).

shape_of_water_crop_800x445.jpg


Дэль Тора спачатку меркаваў зрабіць паўтор вусцішнай класікі 50-ых гадоў Пачвара з Чорнай лагуны, але зняў сучасную варыяцыю на тэму чалавека-амфібіі, насыціўшы сваю стужку любоўю да старога кіно, чорна-блакітнай атмасферай халоднай вайны, залатымі марамі, танцамі, вытанчанай музыкай і каляровым трыумфам вады.
Ранейшыя персанажы дэль Торы — таксама чароўныя маргіналы казачнага свету: сіраты, якія слухаюць здань, свойскі чорт з падпіленымі рагамі дый ружанцам у рукох, дзяўчынка, заблукалая ў лабірынце фаўна. Але ўсе яны былі далёкія ад галівудскага мэйнстрыму. Сёлета карты склаліся: злы службовец (Майкл Шэнан), які дамагаецца жанчын, так, што ажно пальцы адвальваюцца, расіст-генерал — і шматлікія меншасці, салідарныя ў вызваленчых пачуццях — усё гэта маецца ў апошняй карціне.
Але свет дэль Торы падпарадкоўваецца не актуальным газетным нататкам і гучным скандалам сённяшняга дня, а снам, фантазіям, казкам — візуальнай раскошы і подыху-танцу. Касцюм амфібіі (які тры гадзіны апранаў акцёр Даг Джонс) важыць болей за стопудовыя палітычныя аргументы, летуценны малюнак героя-недарэкі значнейшы за сацыяльныя спрэчкі, а танец Салі Гокінз у сненнях перакрые любую тэлевізійную хроніку.
Дзівакам Гійерма дэль Торы няма месца ў свеце, прасякнутым нянавісцю, і яны мусяць з яго ўцякаць. Толькі куды ўцячэш — калі халодная вайна адбываецца?
Карціна Біла Кондана Прыгажуня і пачвара, вылучаная ў 2 намінацыях — яшчэ адзін фільм на адпаведную тэму. Гэта ігравы паўтор дыснееўскай анімацыі з усім вядомым сюжэтам. Стужку суправаджаў скандал: упершыню ў дзіцячай карціне гэтае студыі з’явіўся эпізадычны персанаж-гей. Акрамя таго, вяліся зацятыя спрэчкі, ці не з’яўляецца французская прыгажуня, выкрадзеная пачварай, ахвярай стакгольмскага сіндрому — і ці не ёсць казачныя пачуцці вынікам незаконнага дамагання. Актрыса Эма Уотсан, знаная з ролі Герміёны ў Гары Потэры, прыйшла да высновы, што не — і смела падпісала кантракт.
Фільм сабраў у пракаце болей за міліярд даляраў, не адштурхнуўшы нават расейскай аўдыторыі, і — за выняткам штучных скандалаў — з’яўляецца вельмі традыцыйнай карцінай.
Фільм жахаў Уцякай, вылучаны ў 4 намінацыях, на першы позірк — гэта свята паліткарэктнасці. Цемнаскуры хлопец едзе да бацькоў сваёй белай дзяўчыны, якія зусім не тыя, за каго сябе выдаюць. Як рабаўладнікі, белыя цішком выстаўляюць госця на аўкцыён — і гэта яшчэ не самае горшае, што яго чакае. Але стужка Джордана Піля — таксама цемнаскурага — гэта не столькі абавязковае выкрыццё «гегемоніі белых», колькі здзек з левых лібералаў, якія і карыстаюцца гэтай фразеалогіяй, каб жыць — у чужых целах і за чужы кошт. У рэшце рэшт, рэжысёр гэтага (прызнаюся, не самага выбітнага) хорара пасылае клапатлівых змагароў за чужыя правы ўпрочкі, карцінна высадзіўшы ім мазгі.
Кліч мяне сваім іменем Лукі Гуаданьіны (таксама 4 намінацыі) расказвае пра каханне 17-гадовага юнака да ўніверсітэцкага калегі свайго бацькі. Гэта вельмі далікатная стужка пра абуджэнне пачуццёвасці. Але аднаполая гісторыя, хаця і й цэнтральная ў карціне, распушчаецца ў юначай гіперсэксуальнасці. Герой, граны Цімаці Шаламэ, кранальна і наіўна мілуецца з закаханай у яго дзяўчынай — і нават персікам знаходзіць нестандартнае прымяненне.

call_me_by_your_name.jpg


Калі ў колішняй «Оскараўскай» улюбеніцы — Гарбатай гары — адпаполыя стасункі адцяняліся ціскам і забаронай, то ў фільме Гуаданьіны, яны не толькі не забароненыя, а фактычна зрэжысаваныя бацькам маладога героя. Састарэлы прафесар амаль незаўважна падштурхоўвае сына да чынаў, немагчымых для яго самога. Але й ягоны час — і час усемагчымых пачуццяў сыходзіць. Пасля юначых эксперыментаў прыходзіць час звыклага жыцця — і штодзённых абавязкаў.
Час пачуццяў змяняецца на час абавязкаў. Для гэтага часу характэрны закон, прага справядлівасці, абавязак — нярэдка насуперак уласным пачуццям і слабасцям.
Сёлета нават «водныя» героі дэль Торы дамагаліся справядлівасці. У яшчэ большай ступені гэта характэрна для гераіні Марціна МакДонахі Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры (7 намінацый). Жанчына прагне адшукаць забойцаў сваёй дачкі. Кабета перакананая, што паліцыя ўхілілася ад сваёй справы, а таму арандуе тры білборды — і вывешвае на іх абвінавачванні.
Гераіня — у выкананні Фрэнсіс МакДорманд — рашучая і актыўная. Яна здольная пабіць дантыста — і кінуць кактэйль Молатава ў паліцэйскі ўчастак. (Верагодна, яна галасавала за Трампа). Справядлівае рашэнне ў фільме мусіць прыняць глядач.
Карціна Дзюнкерк Крыстафера Нолана (8 намінацый) расказвае пра эвакуацыю англічан на пачатку Другой сусветнай вайны з французскага порту — пад абстрэлам Люфтвафэ і на караблях, што топяцца адзін за адным. Такія ж сінія-чорныя-марскія колеры, як у шматлікіх кадрах Формы вады, толькі замест аперацыі па ўратаванні пачвары — эпічная аперацыя выратавання людзей.
Стужка — суворыя мужчынскія гульні на пачатку доўгай, цяжкой і страшнай вайны.

dunkirk_film_poster.jpg


Пачатак гэтай вайны паказаны і ў Найцямнейшым часе Джо Райта (6 намінацый). Гэта біяграфічная стужка пра Уінстана Чэрчыля, які заняў пасаду брытанскага прэм’ер-міністра на самым пачатку Другой Сусветнай вайны. Гэта былі часы, калі нічога не было вырашана, калі Брытанія ў рэшце рэшт засталася сам-насам з нацысцкім драпежнікам. У ключавыя моманты гісторыі — мужнасць і рашучасць чалавека, які бярэ на сябе адказнасць, нягледзячы ні на што, грае вырашальную ролю.

darkest_hour_cover.jpg


Калі Дзюнкерк завяршаўся прамовай да нацыі Чэрчыля (якая стала шэдэўрам аратарскага мастацтва), то ў Найцямнейшым часе Чэрчыль сам вядзе рэй. Гары Олдмэн сыграў Чэрчыля з энэргічнай жарсцю. Карціна заклікае: «Не здавайся ніколі!». Чэрчыль, нягледзячы на супраціў асяроддзя (і нават на ўласны алкагалізм, якому ён «доўга трэніраваўся») — кідае выклік цёмным часам, якія надыходзяць для ўсёй заходняй цывілізацыі.