У амерыканскім фільме сына Боўі прагучала музыка беларускага гурта
У фантастычны фільм "Нямы", які зняў Дункан Джонс — родны сын Дэвіда Боўі, трапілі фрагменты песень гурта "J:морс".

Кадр з фільма "Нямы"
Кінастужка "Нямы" выйшла ў пракат днямі, піша tut.by..
Дзеянне карціны адбываецца ў Берліне 2052 года. Галоўны герой фільма — нямы бармэн Леа, які спрабуе знайсці сваю згубленую каханую. У фільме здымаліся Аляксандр Скарсгард ("Меланхолія", "Вялікая маленькая хлусня"), Пол Рад ("Правілы вінаробаў", "Чалавек-мураш"), Джасцін Тэру ("Малхоланд драйв") ды іншыя.
У фільм трапілі фрагменты дзвюх песень "J:морс" — "Босиком по мостовой" і "Айсбергі". Іх слухае ў навушніках галоўны гангстар Максім. Таксама ў стужцы выкарыстоўваецца музыка Дэвіда Боўі, Філіпа Гласа, гурта Nirvana ды іншых амерыканскіх і нямецкіх артыстаў.
Як распавёў прома-дырэктар "J:морс" Зміцер Безкаравайны, аўтары фільма шукалі дзве прыгожыя балады па-руску. Яны выйшлі на агенцтва, якое працуе з беларускім гуртом у Маскве, а агенцтва прапанавала песні "J:морс".
Фільм "Нямы" эксклюзіўна распаўсюджваецца праз Netflix — адзін з найбуйнейшых сусветных онлайн-сэрвісаў для кіно і серыялаў.