Пачаўся прыём заявак на Конкурс маладых гуртоў "Басовішча 2018»

Арганізатары найстарэйшага фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча 2018» абвясцілі пачатак першага этапу Конкурсу маладых гуртоў.



basowiszcza_2018__.jpg

Заяўкі прымаюцца з 26 лютага да 26 сакавіка 2018 года.

Традыцыйна да ўдзелу запрашаюцца гурты-пачаткоўцы з сярэднім узростам удзельнікаў да 30 год ды пераважна беларускамоўным рэпертуарам. Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць форму.

Мы, як новае пакаленне арганізатараў „Басовішча”, імкнёмся годна працягваць традыцыі, закладзеныя амаль 30 год таму, але пры гэтым прапаноўваць слухачам актуальнае гучанне ды адкрываць новыя імёны. Менавіта таму мы лічым Конкурс асабліва важнай часткай фэсту, — каментуе каардынатарка Конкурсу Лідзія Пякарская. — Вельмі прыемна назіраць за поспехамі лаўрэатаў папярэдніх гадоў — Naviband, TonqiXod, .K, Teleportды разумець, што перамога на Конкурсе ў свой час зрабіў унёсак у іх развіццё”.

Па выніках першага этапу восем гуртоў-паўфіналістаў атрымаюць магчымасць зайграць на канцэртным праслухоўванні „Адборышча” ў адным з менскіх клубаў 11 траўня.

Пасля чаго чацвёра фіналістаў выступяць на галоўнай сцэне “Басовішча” 20-га ліпеня.

Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, магчымасць выступіць у другі дзень фестывалю, гарантаванае месца ў праграме “Басовішча 2019” ды ратацыю песень у эфіры “Беларускага Радыё Рацыя”.

“Басовішча” — найстарэйшы беларускі музычны фестываль, які праводзіцца з 1990 года “Беларускім аб’еднаннем студэнтаў” на Падляшшы. Сёлета ён пройдзе ў 29-ы раз. Цяпер яго ладзяць дзеці тых беларусаў Польшчы, якія калісьці пачыналі рух.

У розныя гады ў конкурсе маладых гуртоў на фестывалі перамагалі “Мясцовы час”, “КальЯн”, Deviation, Znich, IQ48, Indiga, Mauzer, “Глюкі”, Akute, :B:N:, Sciana ды іншыя. За навінамі XXIX фестывалю музыкі маладой Беларусі можна сачыць праз афіцыйную старонку “Басовішча” ў Facebook.

basowiszcza_2018.jpg


www.racyja.com