Падмуркі дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы захаваюць

Рабочыя, якія ладзяць рэканструкцыю ў мінскім парку Янкі Купалы, не будуць праводзіць камунікацыі праз падмуркі дамоў братоў Луцкевічаў.

Адзін з дамоў Луцкевічаў. Фота з кнігі Юлі Андрусішн "Забыццю не адданае"

Адзін з дамоў Луцкевічаў. Фота з кнігі Юлі Андрусішн "Забыццю не адданае"

Некалькі месяцаў таму ў Купалаўскім скверы пачаліся працы па добраўпарадкаванні: пракладка новых сцежак, усталяванне дадатковага асвятлення, пракладка камунікацый. У выніку будаўнікі дакапаліся да падмуркаў вядомых напачатку мінулага стагоддзя лазняў Плаўскага, дзе мылася сталічная інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала, а таксама да падмуркаў дамоў беларускіх адраджэнцаў Івана і Антона Луцкевічаў. Да апошняга часу рэшткам будынкаў пагражала зруйнаванне, але цяпер, здаецца, іх не крануць. Пра гэта «Новаму Часу» распавёў вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў, які назіраў за тым, як вядуцца працы, і змагаўся за захаванне выяўленых падчас іх каштоўных артэфактаў.


Спачатку планавалася, што праз падмуркі дамоў Луцкевічаў правядуць трубу для адводу вады, але яе, на шчасце, праклалі міма, хоць і ўшчыльную да падмуркаў. Цяпер праз іх мусілі пракласці траншэю з кабелем для новага фантану, які будуе «БПС-Банк».
Удалося дамовіцца з рабочымі, што кабель абыйдзе падмуркі. Я таксама звязваўся з банкам, яны сказалі, што выступаюць за захаванне спадчыны, — распавёў Павел Каралёў. — Адзінае, што не ўдалося зрабіць — спыніць пракладанне сцежкі праз падмурак аднаго з дамоў, там некалькі ўзроўняў цэглы прыбралі. І цяпер яшчэ капаюць траншэю пад асвятленне, таксама часткова бетон і кладку прыбяруць.
Каб зберагчы падмуркі і надаць ім ахоўны статус, Павел Каралёў падаў заяўку на ўнясенне іх у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Але, ведаючы сітуацыю, спадзеву на ўключэнне падмуркаў у Спіс мала, — зазначае вядучы навуковы супрацоўнік музея. — А далей трэба будзе зрабіць мемарыялізацыю, паказаць межы гэтых падмуркаў. Ёсць думка звярнуцца з такой прапановай у «БПС-Банк», гэта не патрабуе вялікіх выдаткаў.
Павел Каралёў спадзяецца, што калі-небудзь можна будзе надбудаваць на падмурках драўляныя дамы, каб паказаць, як яны выглядалі ў арыгінале, і зрабіць там музей.