Паліна Рэспубліка і "Людзі на балоце" прадставілі Беларусь на фэсце ў Беластоку

Дзіўным чынам добрыя фестывалі з цікавымі выступоўцамі час ад часу ўсё ж не збіраюць чаканай колькасці гледачоў. Гэтак было і з першым днём новага беластоцкага фэсту “Halfway у суботу 9 чэрвеня. Аднак прысутным тое было ўжо абыякава. 



9c16f6606460d1543759fc966b9bb797.jpg

Дзіўным чынам добрыя фестывалі з цікавымі выступоўцамі час ад часу ўсё ж не збіраюць чаканай колькасці гледачоў. Гэтак было і з першым днём новага беластоцкага фэсту “Halfway у суботу 9 чэрвеня. Аднак прысутным тое было ўжо абыякава. 


Малая колькасць гледачоў — напачатку ў зале было ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, а ў палове праграмы наўрад ці больш за сто — стварала вельмі простую, сяброўскую атмасферу. Было адчуванне гэткай камернай сустрэчы музыкаў і слухачоў. Пры тым, што зала Беластоцкай філармоніі камернасцю не адрозніваецца, а музыкі былі запрошаныя не абы-якія.

 
Здагадку адносна невялікай колькасці гледачоў у зале выказала напачатку вядоўца фэсту Ілона Карпюк, падзякаваўшы прысутным, што тыя не засталіся побач з тэлевізарам. А спакуса застацца была, бо ў час канцэртаў акурат транслявалі матчы Галандыя—Данія і Нямеччына—Партугалія, якія праходзілі ў межах Еўра–2012.
 

Новы фэст адбываецца ў два этапы: 9–10 чэрвеня — “Songwriting Op!era Festival, сэнс якога можна больш-менш перадаць як “фестываль аўтарскай песні, а 29 чэрвеня — 1 ліпеня пройдзе Folk Op!era Festival. У абедзвюх праграмах значнае месца займаюць беларускія музыкі: Паліна Рэспубліка, “Людзі на балоце, “FolkRoll і “Re1ikt. З замежных зорак варта згадаць Аліну Арлову, Васю Абломава ці Гайдамакаў.
 

Фэст адкрыў беластоцкі гітарны дуэт “Lifemotiv з лірычна-жартаўлівымі песнямі пра жыццё ў памежным горадзе. Тэксты ў стылі “што бачу, тое і спяваю не мелі шмат шанцаў застацца ў памяці слухачоў, таму хлопцаў і адпускалі са сцэны без шкадавання.
 

Наступнай была Паліна Рэспубліка, гэтым разам не толькі з кантрабасістам Эрыкам Арловым, але і гітарна-акардэонным віртуозам Уладзем Пыльчанкам (гурты “Пацукі, “Handmade, “Нельга забыць).


Адыграўшы сваю стандартную праграму з беларуска-рускіх песень, яна саступіла сцэну гарадзенцам з гурта “Людзі на Балоце.

get_img2(1).jpg


           Паліна Рэспубліка з Эрыкам Арловым і Уладзем Пыльчанкам
 

Тыя зайгралі ўжо вядомую “антыбальшавіцкую праграму з чаканага ўсімі першага альбома, а таксама песню з новай лірычнай праграмы на верш падляшскай паэткі Марыі Базылюк.


Паколькі падрыхтаваных песень у гурта болей не было, а гледачы не хацелі адпускаць музыкаў са сцэны, тыя зайгралі галоўны кальянаўскі гіт — “Радыеактыўны снег".


                           Гурт "Людзі на балоце"
 

Якасны гук Падляшскай філармоніі дазволіў нават найбольшым скептыкам пераканацца, што ў гарадзенскім андэграўндзе лічацца не толькі ідэі, але і выдатная музычная рэалізацыя — “Людзьмі на балоце можна было ганарыцца. Гурт вельмі прафесійна і зладжана глядзеўся і слухаўся падчас фэсту.
 

Хэдлайнерамі дня можна смела назваць літоўскую спявачку Аліну Арлову, дацкага музыку Марціна Хола — спецыяліста па змрочных скандынаўскіх гуках, а таксама легенду польскага року Леха Янэрку.


                               Аліна Арлова
 

Сціплая і сонечная Аліна з невялікім гуртом у больш чым гадзінным выступе прадставіла песні з альбомаў “Laukinis uo dingo i Mutabor, а таксама некалькі новых кампазіцый. Ад польскіх слухачоў, у перапынку паміж песнямі, можна было пачуць параўнанні творчасці спявачкі з больш вядомымі ў Польшчы “Coco Rosie. Аднак, безумоўна, Аліна застанецца ў памяці як цалкам самастойная артыстка. Зала развітвалася з літоўскай спявачкай стоячы.


Застаецца спадзявацца, што на другую частку фэсту, дзе выступяць “FolkRoll, “Re1ikt, “Kapela ze Wsi Warszawa ды іншыя не менш цікавыя гурты, збярэцца большая колькасць гледачоў. Прынамсі, Еўра–2012 тады ўжо дакладна скончыцца.
 

Паводле сайта “Твой стыль

Здымкі Іны Севярын