«Палёт…» нармальны. Запрашаем на прэзентацыю культавага раману Кена Кізі

Кніжная серыя «Амерыканка», выдавецтва «Янушкевіч, Арт-Сядзіба і крама сувеніраў symbal.by  11 снежня запрашаюць на аўтограф–сесію раману «Палёт над гняздом зязюлі» на беларускай мове.

vk_cover.png


З 18:00 да 21:00 ў памяшканні Арт-Сядзібы (праспект Машэрава, 18) можна будзе сустрэцца з перакладчыкам Аляксеем Знаткевічам, каб падпісаць кнігу і пагутарыць пра амерыканскую літаратуру.  11-га ж снежня (панядзелак) кніга з’явіцца і ў краме Symbal.by (па тым жа адрасе Машэрава, 18).

"Амерыканка" — новая кніжная серыя, у якой выйдуць знакавыя кнігі пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі ў перакладзе на беларускую мову. Першую кнігу ўдалося апублікаваць дзякуючы краўдфандынгу на платформе ulej.by — перакладчыкі сабралі больш за 7000 рублёў. Генеральным спонсарам выдання зрабіўся мінскі бізнесовец, мецэнат Ігар Жабароўскі.

Хоць падтрымка мецэнатаў і спонсараў на гэтым этапе вельмі важная, мы не хочам, каб чытачы глядзелі на нашы краўдфандынг толькі як на дабрачыннасць. І самі ўспрымаем сабраныя сродкі не як ахвяраванні, а як інвестыцыю”, — кажа рэдактарка кніжнай серыі Марыя Мартысевіч.

post_square.png

Увесь чысты прыбытак ад продажу раману Кена Кізі перакладчыкі плануюць укласці ў друк наступнай кнігі — “Байцоўскага клубу” Чака Паланюка ў перакладзе Сяржа Мядзведзева. У снежні таксама распачнецца кампанія па зборы сродкаў на новыя кнігі серыі, якая будзе называцца “Каляды з “Амерыканкай”.

 

poster_pressclub_jpg.jpg

Прэзентацыя перакладу “Палёту над гняздом зязюлі” 11 снежня — не адзіная імпрэза з нагоды выхаду кнігі. 14 снежня прэзентацыя раману адбудзецца ў Магілёве (“Кола сяброў”, вул Чкалава 16, пачатак у 18:30). А 16 снежня для чытачоў у Мінску ў памяшканні Прэс–клубу  (вул. Веры Харужай, 3-601) распачнецца вялікая літаратурна-музычная вечарына “Амерыканка. Пачатак”. Прагучаць вершы і проза Кена Кізі, Чарлза Букоўскага, Чака Паланюка, Маргарэт Этвуд, Курта Вонегута, Боба Дылана, Леанарда Коэна ў беларускіх перакладах. Музычную частку забяспечаць музыкі гуртоў Scarlett, Clara Venus, Deproverst. Пачатак у 19:00.

Уваход на ўсе імпрэзы бясплатны.