Памяці Уладзіміра Мулявіна — прэм’ера песні «Пагоня» ад хору «Унія» (аўдыё)

З нагоды дня народзінаў Уладзімера Мулявіна на партале Tuzin.fm прэм’ера песні, якая была запісаная для праекту «Re:Песняры». «Пагоня» на словы Максіма Багдановіча загучала ў выкананні хору «Унія».



dr4fluqd.jpg

«Пагоня» — адзін з шэдэўраў, створаны «Песнярамі» у 90-х. Уладзімер Мулявін напісаў музыку ды класічнага верша Максіма Багдановіча для цыклю «Вянок» (1991). Тады якраз вяліся размовы пра тое, каб «Пагоня» стала новым гімнам Беларусі.

 

Менавіта гэты спеў выканаў мужчынскі хор «Унія» для праекту «Re:Песняры». Акурат гэты хор рэанімаваў нашы маршы і гімны. Іх альбом «Беларускія маршы і песні» (1998) натхніў беларускіх рокераў на стварэнне супольнага музычнага праекту «Я нарадзіўся тут». Верш Максіма Багдановіча, пакладзены на музыку Уладзімерам Мулявіным, зроблены ў змешаным ансамблева-харавым стылі, раскладзены на шматлікія галасы і выкананы акапэла. «Мой настаўнік з кансерваторыі зазначаў, што ў сучаснай музыцы павінны прысутнічаць традыцыі і наватарства. І гэта адбылося ў “Песняроў”. Другі, маскоўскі настаўнік, казаў: “Ёсць рускі партэс, пабудаваны беларусамі”. Ёсць сучасная  балонская  школа сімбіёзу стылю і жанру, і гэты сімбіёз стылю і жанру на глебе беларускага фальклору змог пабудаваць не беларус  Мулявін разам з ансамблем “Песняры”. Брава!», —  распавядае кіраўнік хору Кірыла Насаеў.

 

«Пагоня» ў выкананні хору «Унія» мелася стацца ўпрыгожаннем праекту «Re:Песняры», яго фінальным трэкам. На вялікі жаль, паразумецца з асобамі, якім належаць правы на творчую спадчыну Уладзімера Мулявіна, у нас не выйшла, таму песня не была прэзентавана ў межах праекту. Мы вырашылі яе прадставіць асобна, на дзень народзінаў Уладзімера Мулявіна. 12 студзеня 2015 года Нашаму Музыку споўнілася б 74 гады. На нашае перакананне, гэты спеў мусіць гучаць на ўвесь абсяг. А яшчэ песні жывуць, пакуль іх выконваюць.

tuzin.fm__image_pesnyary__37612f07d82cfcb4812493eedd0dfbb8.html

Запіс песні «Пагоня» хору «Унія» здзейснены на асабістыя сродкі стваральнікаў праекту «Re:Песняры», публікуецца не ў камерцыйных мэтах і прызначаны для прыватнага праслухоўвання.

Tuzin.fm