Павел Севярынец: Мы жывем у Бібліярусі
Бібліятэкі ўзвышаюцца пасярод беларускай гісторыі, быццам гарады і крэпасці манументальнай архітэктуры.
Замкі
царкоўных кнігаў, палацы свецкай літаратуры, храмы Бібліяў, абжытыя
беларускамоўнымі героямі й захаваныя ў сталіцах Еўропы ды Расеі, ствараюць больш
рэальную 1000-гадовую Беларусь, чым зруйнаваныя каменныя спаруды эпохі ВКЛ або
Рэчы Паспалітай.
Кніга з'явілася на гэтае зямлі ў Х стагоддзі, разам з хрысціянствам, каб ад самага пачатку зрабіцца падмуркам нацыі й дзяржавы. Князь-кніжнік Ізяслаў, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч і Расціслаў Смаленскі, што арганізоўвалі скрыпторыі і складвалі першыя бібліятэкі, насамрэч засноўвалі Беларусь.
Усё наступнае тысячагоддзе цэнтрам беларускага жыцця былі кнігі Бібліі: Эвангелле, якое ўрачыста выносілі на прастол у храме і на якім прысягалі ў судах, “Апостал”, з якім навучаліся ў школах, Псалтыр, паводле якога спявалі. Абсалютная большасць сярэднявечных манускрыптаў і кнігадрукаў прыпадала на хрысціянскую богаслужбовую або чытальную літаратуру: мінеі, актоіхі, трыёдзі, трэбнікі, ірмалоі, кнігі айцоў Царквы й духоўных лідараў таго часу. Беларуская цывілізацыя абарачалася і раскручвалася вакол Слова Божага.
Найбуйнейшыя беларускія бібліятэкі будаваліся ў галоўных духоўных цэнтрах — храмах Полацка, Наваградка і Вільні, кляштарах Супрасля, Куцейна, Жыровічаў, Мірскім замку і Нясвіжскім палацы, Ружанах і Шчорсах, кальвінскіх зборах Слуцка і Смаргоні, Віленскім Універсітэце і Полацкай езуіцкай Акадэміі. Шматтысячныя бібліятэкі засноўвалі магнаты: Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Храптовічы.
Сёння большасць шыкоўна аздобленых, рукапісных і друкаваных, ілюстраваных ды ілюмінаваных беларускіх шэдэўраў складаюць славу ды багацце знакамітых кнігазбораў свету. Войны, акупацыі, эміграцыі агромністым выбухам рассеялі беларускія бібліятэкі па луўрах, вавелях, оксфардах ды эрмітажах. Рассыпалася, азалаціла Расею велізарная, на 60 тысячаў тамоў, Полацкая бібліятэка з легендарным летапісам. Суседзям засталіся векавыя кніжныя тоўшчы Вільні, Астрога, Смаленска. Беларуская бібліятэка Румянцава, сабраная ў Гомелі, дала пачатак галоўнай расійскай бібліятэцы — Маскоўскай Дзяржаўнай, другой па велічыні ў сьвеце.
Стагоддзямі царскія, нямецкія, польскія, габрэйскія, савецкія свяцілы навукі корпаліся ў развалінах тутэйшых бібліятэкаў, шукаючы тое Слова, на якім трымалася беларуская веліч.
Бібліятэкі сталі цытадэлямі Новага Запавету беларускае гісторыі. БНР і адноўленая Рэспубліка Беларусь паўсталі з кнігаў. Адраджэнцы ХХ ст., пачынаючы з Луцкевічаў, Багдановіча, Ластоўскага, і завяршаючы Караткевічам, Адамовічам, Быкавым, чэрпалі глыбіню з нетраў беларускіх кнігасховішчаў. У савецкія часы, калі Беларусь жыла маўклівым чытаннем і пісаннем, уся свядомая нацыя працавала ў бібліятэках. Кожны калекцыянаваў класіку, кніжныя серыі й поўныя зборы твораў, выстаўляючы кнігі ў "сценках" і адмысловых шафах напаказ, як фасад сямейнага дамастрою.
І, канечне, любы мінак ведаў, як прайсьці ў бібліятэку.
Сучасныя беларускія 5436 бібліятэкаў і 80 мільёнаў тамоў — падмуркі нашай культуровай інфраструктуры, а фармуляры беларускіх фондаў — стратэгічная база звестак нацыянальнай ідэі.
Цяпер вы разумееце, чаму аграмада Нацыянальнай Бібліятэкі пачатку ІІІ тысячагодзьдзя на ўездзе ў Мінск — справа цалкам заканамерная. Грандыёзны дыямант, ідэальны крышталь святла ў геаграфічным цэнтры Еўропы, дзе, быццам у вялізнай аранжарэі, мільёны імёнаў і назваў на стэлажах вырастаюць з глыбокіх карашкоў і імкнуцца ў вышыню ўсім трапяткім лісцем старонак.
Беларусь, Сэрца Еўропы, магутны духоўны абшар міжмоўя, краіна Хрыста, сама ёсць грандыёзнай Бібліятэкай.
Мы жывем у Бібліярусі, пра якую сказана ў Эвангельлі апостала Яна: “Многа й іншага стварыў Ісус, але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і ўсяму свету не ўмясціць напісаных кнігаў”. (Яна 21:25)