Пісьменніца Кацярына Дабкене: «Для мяне беларуская мова — свядомы выбар»

Кацярына Дабкене — лаўрэатка літаратурнага конкурсу да 100-годдзя «Маладняка», удзельніца пісьменніцкай лабараторыі «Расцяжэнне: Карані\Лісце». Кацярына распавядае пра свой шлях да беларускай мовы і месца літаратуры ва ўласным жыцці.

Фота са старонкі Facebook Кацярыны Дабкене

Фота са старонкі Facebook Кацярыны Дабкене

«Вымярэнне Свабоды» — так называецца кніга, якую склалі творы пераможцаў літаратурнага конкурсу, прымеркаванага да 100-годдзя аб’яднання «Маладняк». Журналісты «Радыё Свабода» пагаварылі з лаўрэаткай конкурсу ў намінацыі «Проза» Кацярынай Дабкене.

«Падзеі 2020-га развярнулі маё стаўленне да моўнага пытання на 180 градусаў»

— Гэтай перамогай у конкурсе да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк» вы, можна сказаць, проста ўварваліся ў беларускую літаратуру. Раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра свой творчы шлях. Калі, як і з чаго ўсё пачалося?

— «Творчы шлях» — гучна сказана. Творчае пераасэнсоўванне жыцця — мой сродак узаемадзеяння са светам, і не важна, праз што: чытанне, назіранне за наваколлем, размовы з сябрамі, допісы ў дзённіку ці ўласна пісьменніцтва. Быццам гэта заўсёды са мной было.

Менавіта «гуляць у словы» я пачала гадоў з дзесяці, не памятаю дакладна. Гэта былі вершы, пераклады паэзіі з англійскай, нейкія паэмы па матывах міфаў старажытнай Грэцыі і нават няскончаны раман, натхнёны Оскарам Уайлдам і яго «Кентэрвільскім прывідам» — усё ў школьных сшытках. Так смешна цяпер. Потым я кідала пісаць, бо адчувала, што дрэнна атрымліваецца, пасля зноў спрабавала. І так усё жыццё. Я да гэтага часу не магу ўцяміць, што маё апавяданне «прагучала».

untitled_design__3_.png

— Ваша пераможнае апавяданне «Аказія ЖЗМВ» напісана добрай беларускай мовай. І імя ў вас пашыранае між Дзвіною, Дняпром ды Нёманам. І нарадзіліся вы ў старажытным беларускім горадзе. А вось прозвішча — літоўскае, жывяце ў Польшчы. Пры такім жыццяпісным раскладзе ці просты быў выбар мовы творчасці?

— О, гэта пытанне, якое мне не дае спакою. Я вырасла ў рускамоўным асяроддзі і ніколі не чула беларускай мовы, акрамя як на ўроках ды па тэлебачанні часам. Адпаведна, я заўсёды пісала па-руску, але падзеі 2020-га развярнулі маё стаўленне да моўнага пытання на 180 градусаў. Я запытала сябе: «Што ўва мне беларускага, чаму я лічу сабе беларускай?» Ясна, што мова — не адзінае, што робіць цябе кімсьці. Але для мяне стала важна ўпускаць у сваё творчае жыццё беларускую мову. Я патрохі пачала пісаць для сябе хоку па-беларуску, цікавіцца, штосьці самастойна вывучаць. У мяне няма катэгарычнага стаўлення, папраўдзе, да моў творчасці.

Глядзіце таксама

Чым больш фарбаў у мастака ў палітры, тым шырэйшыя яго магчымасці. Я нават люблю міксаваць мовы. Але для сябе асноўнай мовай твораў я выбрала беларускую. Насамрэч мне прасцей пісаць па-руску (не трэба звяртацца да слоўнікаў і даведнікаў). Але я вучуся пісаць па-беларуску, і гэта даволі складаны свядомы выбар.

Што тычыцца апавядання «Аказія ЖЗМВ», я вельмі ўдзячная Віктару Іванавічу Варанцу, якому даслала твор па-беларуску з просьбай зваротнай сувязі і рэдагавання, па мажлівасці. Мяне вельмі натхніла яго падтрымка і пільная ўвага да майго тэксту. Калі б не яго добрыя словы і слушныя каментары, я б, можа, і не адважылася паўдзельнічаць у конкурсе.

Глядзіце таксама

«Для мяне мова — свядомы выбар, а не нешта дадзенае»

— А ўвогуле, што для вас беларуская мова? Ці ёсць яна не толькі ў творчасці, але і ў вашым штодзённым сямейным, сяброўскім, працоўным жыцці?

— Для мяне моўнае пытанне — гэта хутчэй не вылучэнне адной з моў, а дадаванне іншых. Як я ўжо казала, для мяне беларуская мова — свядомы выбар, а не нешта дадзенае. Цяпер я быццам сяджу на чатырох зэдліках, бо па працы ў асноўным размаўляю па-англійску, у польскім асяроддзі, дзе цяпер жыву — па-польску, з мужам і рускамоўнымі сябрамі — па-руску, з сынам і беларускамоўнымі сябрамі — па-беларуску. Я спрабую як мага больш чытаць і слухаць кніг па-беларуску. Калі я размаўляю па-беларуску, я адчуваю сябе няўпэўнена, саромеюся памылак, але суцяшаю сябе тым, што трасянка таксама мае права на існаванне. І чым больш гаварыць, тым лепш будзе атрымлівацца.

Глядзіце таксама

— Падзеі апошніх гадоў у Беларусі цяжкім катком прайшліся па лёсе сучасных літаратараў (і не толькі, але мы зараз гаворым пра іх). Тыя, хто застаўся ў сваёй краіне, маюць гаючую родную зямлю пад нагамі, але пазбаўлены свабоды творчасці. Тыя, хто выехаў, хварэюць на настальгію, якая адбірае творчую энергію. Які, па-вашаму, тут можа быць выбар? І ці важнае наогул цяпер месца, дзе жыве літаратар?

— На гэтыя пытанні няма ўніверсальнага адказу, на мой погляд. У кожнага свая гісторыя, свой выбар, які насамрэч немажліва, ды і нельга ацэньваць. Хтосьці не можа без роднай зямлі, хтосьці носіць свой дом з сабой. Колькі людзей, столькі і гісторый, і кожны мае рацыю. Мне здаецца, што галоўнае тут — не хлусіць сабе, шчыра расставіць прыярытэты і працаваць так, як атрымліваецца.

«Літаратура — гэта адзін са спосабаў «жыць сябе»

— Літаратура — гэта, як вядома, не пра «што», а «як». У каго з беларускіх пісьменнікаў вы вучыліся гэтаму і вучыцеся?

— Доўгі час у маім чытацкім коле калі і былі беларускія творы, то толькі са школьнай праграмы. Ужо значна пазней я адкрыла для сябе Альгерда Бахарэвіча, Марыю Мартысевіч, Вольгу Гапееву, Андрэя Хадановіча, Насту Кудасаву, Еву Вежнавец і многіх іншых. То цяпер давучваю тое, чаго не давучыла раней. Летась мне вельмі пашанцавала ўзяць удзел у пісьменніцкай лабараторыі «Расцяжэнне: Карані\Лісце», прысвечанай дэкаланіяльнай і феміністычнай оптыцы. Гэта быў бясцэнны досвед узаемадзеяння з аўтаркамі, уласнай практыкі, аналізу сваёй пісьменніцкай ідэнтычнасці праз лекцыі, дыскусіі, слушную зваротную сувязь і цікавыя заданні.

Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»

— Даводзілася чуць, што беларуская літаратура — гэта безнадзейная справа. Наклады кніг мізэрныя, чытачоў на сустрэчах з аўтарамі вобмаль, з творчасці не пражывеш, але аднекуль вось зноў і зноў з'яўляюцца новыя амбітныя маладыя асобы, якія рашуча ідуць на штурм беларускага літаратурнага Алімпа. Чаму яны так робяць? Чаму вы ступілі на гэты цяжкі і рызыкоўны шлях? Што дае вам упэўненасці ў яго слушнасці?

— Займацца літаратурай — гэта наогул авантурызм, мне здаецца. Можа, хтосьці і плануе на гэтым зарабляць грошы, рабіць кар’еру, я не ведаю. Але штосьці мне падказвае, што ў літаратуру ідуць не дзеля гэтага. Зноў жа, у кожнага свае прычыны. Для мяне гэта адзін са спосабаў «жыць сябе». Мне падабаецца пісаць, расказваць гісторыі, гэта свайго роду гульня, дыялог са светам (нават калі гэта маналог і чалавек піша ў стол). Ніякай упэўненасці ў слушнасці гэтага шляху ў мяне няма, мне проста падабаецца па ім ісці, хоць і балюча часамі. Я ўсё роўна пішу, незалежна ад таго, чытае хтосьці мяне ці не. Але я схлушу, калі скажу, што мне зусім усё роўна, ці знойдуць мае творы сваіх чытачоў. І я ніколі не згаджуся, што беларуская літаратура — гэта безнадзейная справа. Ёсць Беларусь, ёсць беларусы, ёсць беларуская літаратура як адметная частка народа, культуры. Я не разумею, як можа быць інакш.

Глядзіце таксама