Пялевін перыяду таннай нафты
Вестку пра тое, што Пялевін — былы Пялевін, цытатамі з раманаў якога мы некалі бамбардавалі адно аднаго ў курылках, — вярнуўся, прычым вярнуўся адразу ў колішняй славе і харастве, першай паведаміла Meduza.io, якой я давяраю.
Каб гэткая ж навіна прыляцела з Lenta.ru, я б нават не стаў пампаваць — бо «вёўся» і абломваўся ўжо тройчы: з «Бэтман Апола», «Цукербрынамі» і «Наглядчыкам». Кожны раз, перафразоўваючы Марка Твэна, звесткі пра тое, што Пялевін ажыў, былі моцна павялічаныя. «Лампа Мафусаіла, ці Крайняя бітва чэкістаў з масонамі» сапраўды выбіваецца з канвеернай прозы Віктара Алегавіча апошніх дзесяці гадоў і вяртае нас прыкладна на ўзровень рамана «Лічбы» (2003).
Да «Генерацыі П» яшчэ далёка, але рух у слушным напрамку ўжо распачаты.
Ніводны рускі рэцэнзент дагэтуль не здолеў патлумачыць характар змянення пялевінскіх інтанацый. «Афіша» і іншыя буйныя медыі проста пішуць, што раптам да нас выйшаў той самы з’едлівы наратар, прасякнуты пачуццём самаіроніі. Але прычына вяртання адноснай чытальнасці застаецца незразумелай нават крытыкам. І гэта якраз той выпадак, у якім, каб зразумець Расію, трэба быць за яе межамі, бо ўсё вялікае відаць на адлегласці.
Тэксты Віктара Алегавіча апошніх 10 гадоў былі прасякнутыя снобскай і крыху грэблівай інтанацыяй насельніка заможнай энергетычнай імперыі. Яго героямі былі дзеўкі, што працавалі карыятыдамі на эпічных карпаратывах (зборнік «П5», 2008) ці ваяры інфармацыйнай бойкі з Украінай (Уркаганатам) будучыні (SNUFF, 2011). І з кожнага новага раману перла такая магутнасць Расіі, што чытачу, асабліва ліберальнаму, рабілася мласнавата. Нават калі гэты чытач не браў на ўласны рахунак здзекі над беластужкавымі пратэстамі з «Бэтман Апола» (рускім лібералам уласцівае захапленне тымі, хто іх прылюдна апускае).
І вось хацелася адкрыць ранняе, яшчэ з 1990-х, апавяданне Who by Fire, дзе «новы рускі» едзе ў ЗША, каб здзейсніць мару — уступіць у інтымную сувязь з дзяўчынай, пераапранутай у статую Свабоды. Яму гэта толькі гэта патрэбна, каб адчуць, што ён, «новы рускі», нечага дасягнуў у жыцці. Апавяданне напісанае з унікальнай сумессю гумару і шчырасці. Яно, пры ўсёй сваёй фантасмагарычнасці, было надзвычай праўдзівым. Бо ўсе гэтыя людзі па абодва бакі беларуска-расійскай мяжы, назапасіўшы грошай на прыватны самалёт, марылі хутчэй пра тое, каб пад Леанарда Коэна надзерціся віскі на ўзбярэжжы Гудзона, чым назіраць за нейкай вайной з Украінай ці тым больш фінансаваць яе і рабіць выгляд, што ім цікавы адпачынак у Крыме.
Прычым гэта тычыцца і 1990-х, і — што самае цікавае — і канца 2000-х. Людзі змяніліся нямоцна, а буйной ідэалогіі на дарагой нафце ў Расіі так і не ўзнікла.
І вось з’явілася «Лампа Мафусаіла», якая на першых ста старонках паведамляе нам пра наяўнасць двух дыскурсаў: «ватнага» і — ўвага! — не, не «піндоскага», як было ў тым жа «П5»!, але «цывілізаванага». «Цывілізаванага», Карл! Зноўку, як у вялікіх раманах Пялевіна канца 1990-х, напрамкам рогату тут робіцца не толькі знешні свет, не толькі геі і феміністкі, але і «веліч Расіі». Бо хвалёны «рускі мір» ёсць тым сегментам фэйсбука, дзе карыстальнікі абмяркоўваюць апошнія «Зорныя войны» па-расійску! І ўсё! І згадваюцца тыя шыкоўныя знаходкі «Генерацыі П», дзе група «крэатараў» малявала тэлевізійную рускую палітыку на амерыканскіх камп’ютарах, якім за любы неліберальны выпэнзон Вашынгтон зніжаў тактавую частату — праз што рускі прэзідэнт рухаўся нібы п’яны, а ўсё парламенцкае атачэнне было «дрэнна намаляваным».
Так, Пялевін працягвае практыкавацца ў тупаватых жартачках з еўрапейскіх феміністак і геяў — але ўжо і адзін з наратараў у яго робіцца то геем, то гетэрасэксуалам, то ламберсэксуалістам — (тым, хто кахае піламатэрыялы). І гэта ўжо неяк нават выклікае ўсмешку, а не толькі ўзнятае брыво. Пры гэтым трэба разумець, што з сюжэтам у Пялевіна нічога новага не адбываецца — гэта зноўку гісторыя хлопца, які ўваходзіць у нейкія мутныя расклады, спрычыняецца да сусветнай змовы і высвятляе, што космасам кіруюць рэптылоіды і барадачы. Але, як напісаў у сваёй разгромнай рэцэнзіі на «Наглядчыка» Дзмітрый Быкаў, у сітуацыі, калі ўся Расія пастаўленая на паўзу, чалавек, які некалі быў яе галоўным пісьменнікам, можа год за годам выдаваць адзін і той жа раман, і чытач яму гэта прабачыць. Галоўнае, каб напісана было нармальна.
Дык вось, «Лампа Мафусаіла» адсоткаў на 30 напісаная нарэшце прымальна. Малюючы аперацыю па змяненні гісторыі, якую ладзіць ФСБ, аўтар дазваляе з’явіцца ў тэксце метафары пра «зялёных чалавечкаў», «Крымнаш» зарыфмаваны з порна-жанрам «Cream Pie», а ў нейкі момант у тэсце праслізгвае думка, што праблема ватнага дыскурсу ў тым, што ён — другасны ў дачыненні да дыскурсу цывілізаванага. Бо яму патрэбныя ворагі — піндосы, гейропа, укры — каб казаць хаця б пра нешта. У той час як украінцы кажуць ужо пра нешта іншае. Так, у рамане ёсць нясмешнае відовішча масона з чубам і ў вышыванцы, але, працягваючы думку, выказаную Пялевіным пра кампрамісы прафесара Галгофскага, дапушчанага па згодзе з ФСБ у архівы КДБ СССР: каб выдавацца ў «Эксма» і прадавацца ў кожнай кніжнай краме па ўсёй Расіі, таксама трэба ісці на кампрамісы.
А што да прычыны, з якой Пялевін раптам пачаў пісаць добра, дык яна вельмі простая. Паглядзіце графік ваганняў сусветных цэн на нафту і супастаўце яго з выхадам галоўных твораў Пялевіна. Самы моцны, «Чапаеў і Пустата», быў напісаны пры $20 за барэль, «Амон Ра» — пры $20,5, «Генерацыя П» — пры $19,9. У той час, як нечытэльны SNUFF — пры $111, «Бэтман Апола» — пры $108 і г. д.
Сёння цана на нафту складае $46, то бок нешта прамежкавае паміж «Генерацыяй П» ($19,9) і момантам, калі пісаўся (не выдаваўся!) «Наглядчык» — (2014 г., $98). Таму, пры ўсёй агульнай здаровасці тэксту, гэта яшчэ не той «буйны Пялевін» дваццацідаляравай brent. А таму ў любога, каму цікавая добрая літаратура пра Расію і таталітарызм, ёсць выбар:
1. Прачытаць апошні раман Джуліяна Барнса «Шум часу» пра лёс Дзмітрыя Шастаковіча пасля з’яўлення легендарнага артыкула «Сумбур замест музыкі».
2. Дачакацца, калі адносіны «ваты» і «цывілізацыі» абвострацца яшчэ мацней і Вашынгтон будзе вымушаны апусціць тактавую частату крамлёўскіх камп’ютараў да $20 за барэль.