Пярліны літаратуры пад адной вокладкай. Выйшаў «Верасень» № 23

Выйшаў з друку чарговы, 23 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».

vera23.jpg

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Наты Солтан, Яны Нікіфаравай, Вольгі Шпакоўскай, Цімура Буйко, Насты Кудасавай, Анатоля Дэбіша і Івана Карэнды. Друкуецца паэма Сяргея Законнікава “Хараство”.
Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай і Сяргея Календы, а таксама “драбніцы” Яўгена Мартыновіча.
У раздзеле “Пераклады” змешчаны вершы сёлетняй лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Луізы Глюк у перакладзе Наталлі Русецкай.
Раздзел "Крытыка" пачынаецца палемічным артыкулам Ірыны Хадарэнкі “Пунсовая чума замест ветразя…”.
Пра высокае і нізкае, пра часовае і вечнае, пра форму і змест і пра шмат чаго іншага – гутарка Эдуарда Акуліна з таленавітай паэткай і мастачкай Кацярынай Масэ.
Жыццёвы і творчы шлях Анатоля Сыса аналізуе ў сваім артыкуле “Я такі -- які ёсць…” Валянціна Якімовіч.
Згадкамі пра Пятра Васючэнку дзеляцца Наталля Лысова, Ірына Бурдзялёва, Марыя Дуброўская і Аксана Спрынчан. Эдуарда Дубянецкага ўспамінаюць Яна Будовіч і Галіна Дубянецкая. Заходнебеларускага паэта Алеся Сучка адкрывае ў сваім артыкуле Сяргей Чыгрын.
Уражаннямі ад паэтычнай кнігі Кацярыны Масэ “Беланоч” дзеліцца з чытачамі Васіль Жуковіч. Кароткі агляд творчасці Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Алеся Каско і Леаніда Галубовіча робіць Алесь Аркуш. Творчыя НЮансы новай кнігі Міколы Гілевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык.
Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Кацярыны Масэ.
Пытайце “Верасень” № 23 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com
Паводле прэс-рэліза