Пётр Мамонаў даў канцэрт у Мінску

Учора, 19 чэрвеня, у клубе “RE:PUBLIC легенда рок-музыкі, акцёр, філосаф і пустэльнік Пётр Мамонаў выступіў з праграмай “Пётр Мікалаевіч з трэцяга пад’езда.  



804741413d7fe0e515b19a7ffc7b3027.jpg

Учора, 19 чэрвеня, у клубе “RE:PUBLIC легенда рок-музыкі, акцёр, філосаф і пустэльнік Пётр Мамонаў выступіў з праграмай “Пётр Мікалаевіч з трэцяга пад’езда.

Дагэтуль Пётр Мікалаевіч прывозіў мінчукам такія цікавыя монаспектаклі, як “Ці ёсць жыццё на Марсе? і “Шакаладны Пушкін, таму прыхільнікі яго менавіта акцёрскай творчасці чакалі трэцяй па ліку імпрэзы. Але ўчора лунгінскі саксафаніст Лёша з “Таксі-блюзу, святы старац з “Вострава, Іван Грозны з “Цара і лекар-наркадылер з культавай “Іглы выступіў у ролі музыкі — былога лідара гурта “Гукі Му. 

Зала клуба “RE:PUBLIC была забіта пад завязку, нават кошт квіткоў — ад 150 (танцпляц) да 200 (месца за столікам) тысяч рублёў — не адштурхнуў сталічную публіку.


Пачатак канцэрта зацягнуўся амаль на гадзіну. Але, калі Пётр Мікалаевіч з’явіўся на сцэне — у сцёганым хатнім халаце колеру “беж, сонцаахоўных акулярах і з чорна-белым “Fender на жываце, — стала зразумела: Мамонаў будзе граць.

333.jpg

І шасцідзесяцігадовы эксцэнтрык учыніў на сцэне клуба такі драйв, якому пазайздросцяць маладыя гурты: ён біўся ў экстазе і пырскаў слінай, пот біў фантанам і ляцеў у твары гледачоў, якія абляпілі сцэну. “Красавица Марина — сладкий яблочный пирог, — падпявала публіка вядомую песню пра няўдалае каханне і пляскала ў ладкі.


Але калі загучала “Дасугі-бугі, зала ўзарвалася. “Я уволился с работы, потому что я устал, — магчыма, у гэтым радку Мамонава беларусы пазнаюць сябе і сваё жаданне змяніць жыццё. 

Старая песня “Шэры голуб і ўвогуле прагучала, на маю думку, несуцяшальным дыягназам нашаму грамадству і акрэсліла зносіны з існуючай уладай: “Я грязен, я болен, моя шея тонка, свернуть эту шею не дрогнет рука/ У тебя.

Створаны летась “Блюз пра чалавека, што таемна тужыць па хаце ці “Песня пра магілу здаецца вынікам філасофскіх разважанняў Мамонава-пустэльніка, які зрэдку выязджае з вёскі Ефанава, што ў Нара-Фамінскім раёне Маскоўскай вобласці.

На палове імпрэзы вільготны ад поту Пётр Мікалаевіч пераапрануўся ў кашулю жыццесцвярджальнага зялёнага колеру, каб не збаўляючы тэмпу працягваць выпісваць каленцы перад гледачом.

22222.bmp

 

І было амаль немагчыма пазнаць сапраўднага верніка і глыбока рэлігійнага чалавека ў гэтым танцуючым блазне.  Амаль ваш сусед — ну, той дзядзька-дзівак з трэцяга пад’езда, імя якога вы ніколі не пыталіся і наўрад ці калі даведаецеся. Але ён жыве побач з вамі.


Фота аўтара