Прэзентацыя кнігі Я. Запрудніка пра беларускія фестывалі ў ЗША — 15 верасня

15 верасня (нядзеля) у Беларускім грамадскім цэнтры пры Царкве св. Еўфрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША) адбудзецца прэзентацыя кнігі Я. Запрудніка «Belarusian Festivals & Exbitions in New Jersey». Пачатак прэзентацыі а 12-й пасля службы ў царкве.



zaprudnik.jpg

Кніга Я. Запрудніка выйшла ўлетку на дзвюх мовах. Спачатку прыводзіцца тэкст на англійскай мове, затым — па-беларуску.
Я.Запруднік апісвае фестывальную дзейнасць у Нью-Джэрсі — штаце, дзе канцэнтравалася асноўная беларуская дзейнасць, было шмат арганізацый, трывалыя асяродкі і праваслаўныя прыходы. Адміністрацыя Нью-Джэрсі ў 1975 г. прапанавала беларусам правесці ўласны этнічны фестываль. Першы фестываль з некалькімі тысяч удзельнікаў прайшоў 12 чэрвеня 1976 г. у цэнтры мастацтваў у Голмдэле, а прывітальную тэлеграму даслаў прэзідэнт Джэралд Форд.
Я.Запруднік падрабязна апісвае падрыхтоўку да фестываляў, іх прабег, канцэртную праграму, друкуецца шмат фатаграфій.
Кніга выкладзена электронным файлам у Інтэрнэт. Спампаваць яе можна па гэтай спасылцы.
***
Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 г. у Міры (сёння — Карэліцкі раён). З 1944 г. на эміграцыі. Скончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўніверсітэта ў Бельгіі (1954). 37 гадоў працаваў журналістам-рэдактарам-прадусарам Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Выкладаў гісторыі Расіі ў Куінс-каледжы Нью-Ёркскага гарадскога ўніверсітэта, а таксама гісторыю і палітыку ў Гарыманаўскім інстытуце Калумбійскага ўніверсітэта. Аўтар некалькіх кніг, у тым ліку «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях», «Беларускі гістарычны слоўнік», «Дванаццатка».
nn.by