«Прывет табе, жыццё на волi!»
Прэзентацыя выставы мастацкіх работ студыі жывапісу «Масленікаўцы» , прымеркаваная да 125-годдз з дня нараджэння Максіма Багдановіча, адбудзецца 1 снежня.
Студыя жывапiсу «Масленiкаўцы» дзейнiчае ў гiмназiі № 75 iмя П. В. Масленiкава (г. Мiнск) ужо 3 гады. Студыйцы прымаюць удзел у пленэрах, робяць замалёўкi, пiшуць краявiды. У 2015 i 2016 годзе праходзілі выставы іх прац у Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi, яны прымалі ўдзел у святах «Камянiца – 2015» i «Камянiца – 2016». У кастрычнiку гэтага года, у межах аб’яўленага Года Культуры, у Музеi народнай архiтэктуры i побыту «Строчыцы» імі была створана экспазiцыя, прысвечаная тэме беларускай вёскі.
Новая прэзентацыя пад назвай «Прывет табе, жыццё на волi!», якую падрыхтавалi «Масленiкаўцы», прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. У выставе возьмуць удзел: Анастасiя Атрошчанка, Алiна Афончанка, Наталля Грыгарэнка, Арына Iльiна, Марыя Ласiцкая, Марыя Луцэвiч, Вера Нехвядовiч, Вiялета Сундукова, Ганна Сыракваш.
У экспазiцыi зоймуць сваё месца дзве мастацкія работы Рыгора Таболiча, cябра Саюза мастакоў Беларусi, кiраўнiка студыi жывапісу, — «Маці паэта» і «Развітанне», прысвечаныя М.Багдановічу.
Прэзентацыя адбудзецца ў музеі імя Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а). Пачатак а 16 гадзіне.