Rammstein едзе па Еўропе з альбомам, які запісвалі ў Мінску
Музыкі нямецкага гурта абяцаюць неверагоднае шоў на некалькіх дзесятках стадыёнаў. Але не ў Беларусі, паведамляе svaboda.org.
Белтэлерадыёкампанія ў верасні паведаміла пра сумесную працу з гуртам. Паводле інфармацыйнага паведамлення на афіцыйным сайце, музыкі наведалі Мінск 14-15 верасня. Запіс адбываўся ў вялікай студыі беларускага Дома Радыё. У ім прымалі ўдзел музычныя калектывы Белтэлерадыёкампаніі. Мяркуючы па фотаздымках, гэта сімфанічны аркестар і хор.
У новага альбома яшчэ няма назвы, піша гурт у сваім прэсавым рэлізе. Тур пачнецца ў траўні 2019 года. З найбліжэйшых да беларускіх аматараў гарадоў у ім пазначаны польскі Хожув, латыская Рыга і расійская Масква.
У Беларусі Rammstein быў у 2010 з канцэртам у Мінску, які суправаджаўся гучным скандалам. Напярэдадні Грамадская рада па маралі заяўляла, што «творчасць гурта з'яўляецца непрыхаванай прапагандай гомасэксуалізму, мазахізму і іншых вычварэнств, жорсткасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі. На канцэртах групы часта жыўцом дэманструюцца палавыя акты паміж мужчынамі, семявывяржэнне і перайманне нацыстаў». Ад імя рады ў прэсе выступаў яе старшыня, таксама кіраўнік афіцыйнага Саюза пісьменнікаў, Мікалай Чаргінец.