Расійскія музыкі дадуць канцэрт у падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі

Грошы ад продажу квіткоў на "Партызан-фэст" перададуць у фонд дапамогі сем'ям пацярпелых падчас пратэстаў.

ekranny_zdymak_z_2020_09_22_10_08_57.png


Вядомыя расійскія музыканты вырашылі падтрымаць беларускі народ, які выступае за сумленныя выбары і захаванне законнасці, і арганізаваць дабрачынны канцэрт. Грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, перададуць у фонд, які займаецца дапамогай сем'ям пацярпелых падчас пратэстаў. Мерапрыемства пройдзе ў Маскве, але будзе транслявацца на YouTube.
У канцэрце прымуць удзел Дзмітрый Спірын і «Тараканы», Аляксей Кортнеў і «Несчастный случай», гурта «Рабфак», «Яуза», «Аркадзь Коц», паэт Леанід Каганаў і іншыя. Хэдлайнер — Андрэй Макарэвіч і "Машина времени".
"Мы хочам, каб слова "Расія" ў братняга народа асацыявалася не з ангажаванымі журналістамі і сілавікамі, гатовымі наводзіць "парадак" на вуліцах Мінска, а з салідарнасцю, музыкай і свабодай. Тысячы людзей у суседняй, блізкай нам па духу краіне кінутыя за краты, падвергліся гвалту, страцілі працу — за мірны пратэст, за тое, што патрабавалі законнасці ад свайго ўрада. Сярод іх — людзі культуры, музыкі, паэты, мастакі, рэжысёры, нашы браты па рамяству. Мы не хочам, каб так было ў Беларусі, не хочам, каб так было ў Расіі. Мы з вамі плячом да пляча!" — цытуе "Медуза" музыкаў, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве.
Канцэрт салідарнасці з беларускім народам, які назвалі «Партызан-фэст», пройдзе 28 верасня ў маскоўскім клубе Live Stars.