Што чакае акцёраў, якія адмовіліся граць з салідарнасці з затрыманым калегам
У Гродзенскім драмтэатры 20 верасня давалі «Вельмі простую гісторыю».
П’еса перапынілася на палове. У гэты час акцёры даведаліся, што іх
калегу, заслужанага артыста Беларусі, акцёра і рэжысёра Сяргея Курыленку,
затрымалі падчас мірнай акцыі.
«Калі мы даведаліся, што затрымалі Курыленку з жонкай, акцёры
не маглі працягваць спектакль. Гэта стала для іх шокам, — распавёў Hrоdna.life
адзін з супрацоўнікаў тэатра. — Акцёры патлумачылі ўсё гледачам,
папрасілі прабачэння і сышлі са сцэны. Іх праводзілі апладысментамі».
Частка гледачоў звярнулася ў касу тэатра з просьбай вярнуць грошы
за спектакль, што не адбыўся. Іх просьбу задаволілі. Інфармацыю
аб колькасці вернутых квіткоў у тэатры не раскрываюць.
Сяргея Курыленку вызвалілі праз некалькі гадзін. Акцёраў, якія
спынілі спектакль, чакала «размова» з дырэктарам тэатра. Да яго прыйшлі
ўсе, хто быў задзейнічаны ў спектаклі: і акцёры, і прадстаўнікі
тэхнічных службаў. Дырэктару патлумачылі, што гэта было агульнае
рашэнне.
Аб тым, ці будзе кіраўніцтва тэатра прымаць меры ў адносінах
да калектыву, пакуль невядома. Да аўторка 22 верасня ў адміністрацыі
выхадныя. У суботу загадаў аб пакаранні не было.
«Магчыма, заўтра, калі ўсе выйдуць на працу, штосьці праясніцца.
У тэатры ёсць практыка, што акцёры кампенсуюць кошт вернутых квіткоў,
калі спектакль зрываецца па іх віне. Але пакуль канкрэтнай размовы
не было», — распавяла Hrodna.life крыніца ў тэатры.
Таксама Hrodna.life стала вядома, што знайшоўся
мецэнат, які прапанаваў дапамогу на такі выпадак. «Ужо ёсць чалавек, які
гатовы кампенсаваць усю неабходную суму», — паведаміла крыніца Hrodna.life у драмтэатры.
Што будзе з акцёрамі, якія спынілі спектакль, пакуль
невядома. Дырэктар драмтэатра Ігар Гедзіч пракаментаваў сітуацыю
grodnonews.by.
— Тэатр павінен заставацца па-за палітыкай, непрымальна сцэну
выкарыстоўваць для дэманстрацыі сваіх палітычных перакананняў. Тут павінны
разыгрывацца іншыя мізансцэны — з Шэкспіра, Мальера, Гладзіліна …
— адзначыў кіраўнік. — Яшчэ на першым курсе будучых акцёраў
вучаць, выходзячы на сцэну, забываць пра ўсё, што па-за ёй.
На жаль, некаторыя нашы акцёры гэтыя пастулаты парушаюць. Трэба быць
прафесіяналам у сваёй справе і, калі выходзіш на сцэну, аддавацца
гледачу. Акрамя таго, мы адчуваем запыт гледача. І глядач стаміўся,
ён хоча адпачыць ад паўсядзённых праблем і клопатаў. І калі
мы грэбуем яго інтарэсамі, гэта непавага да гледача. Тым самым
мы адпужваем нашых гледачоў і пілуем ножку крэсла, на якім сядзім.
Гледача трэба паважаць, шанаваць ім, — адзначыў кіраўнік grodnonews.by.
— Пра гэта я з калегамі размаўляў і буду размаўляць.
Што тычыцца акцёраў, якія спынілі спектакль, пытанне будзе вырашацца.
— Ёсць нарматыўна-прававая база, Працоўны кодэкс. Рашэнне, якое будзе
зваротнай рэакцыяй на ўчынак, будзе ляжаць у галіне прававога поля.
Спадзяюся, што глядач, якога мы вольна або мімаволі пакрыўдзілі,
з разуменнем паставіцца да гэтай сітуацыі і па- ранейшаму будзе
любіць тэатр і хадзіць сюды за пошукам вечнага і прыгожага. Напружанасць
у грамадстве, агрэсія павінны сысці. Трэба берагчы нашу краіну, горад,
свае сем'і і сыходзіць ад канфрантацыі, — сказаў кіраўнік.