Распачаўся прыём заявак на Прэмію імя Міхала Анемпадыстава за дызайн кніжнай вокладкі
Прэмія
заснаваная сёлета ў памяць пра чалавека шматлікіх талентаў — мастака,
паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця год таму.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць
Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым
універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам
“Адкрытая культура”. Да праекту таксама далучыўся незалежны тэлеканал
“Белсат”.
“Пакуль у прэміі сімвалічны грашовы прыз, але будзе здорава, калі
далучацца і новыя фундатары (запрашаем!), прэмія разрасцецца (у тым ліку
новымі намінацыямі) і мы зможам падтрымліваць беларускі кніжны дызайн,
які мае ў гэтым патрэбу. Дакладныя крытэры “беларускага кніжнага
дызайну” вызначыць складана, мы пакідаем гэта на меркаванне нашаму
аўтарытэтнаму і прадстаўнічаму журы. Перадусім нам хацелася б
засяродзіцца на тым полі, у якім працаваў Міхал,” — распавяла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі,
але і яе адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы ўвайшлі творцы, якія
працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.
Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладку да
папяровай кнігі, што выйшла ў 2018 годзе і адпавядае хаця б адному з
наступных крытэраў:
- выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
- напісаная беларускім аўтарам;
- напісаная на беларускай мове;
- распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 28 лютага запоўніць форму на сайце ПЭН-цэнтра. Прапанаваць
кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы,
аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць
на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 4–7 красавіка ў менскай
прасторы ОК16.
Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі,
ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы,
вокладкі для музычных альбомаў і нават беларускамоўныя этыкеткі
гарэлак. У пачатку 90-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі
запамінальны стыль часопіса “Бярозка”, дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У
2011 годзе праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара
гуляць у казкі”. Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставам,
упрыгожваюць пераклады Зьбігнеў Гэрбэрта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя
Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых
беларускіх аўтараў.
“Для Міхала было важнае спалучэнне візульнага вобраза і зместа, якія
разам ствараюць наш культурны асяродак. Дызайн кнігі — гэта развіццё
таго, што прадстаўлена вербальнымі сродкамі, гэта дапаўненне і
разгортванне зместа ў дадатковай рэальнасці. Дызайн дапамагае “думаць
вачыма” і навобмацак. Нам таксама важна праз гэтую прэмію падкрэсліць
такое спалучэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне вербальнага і візуальнага”, — лічыць каардынатарка “Лятучага Універсітэта” Таццяна Вадалажская.
Апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава стаў альбом “Колер
Беларусі”, дзе ў фатаздымках ды эсэ дызайнер раскрывае спрадвечныя
беларускія колеры — паходжанне іх назваў, гісторыю, уплыў на нацыянальны
характар