Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай
Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай — выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.
У 2019 прэмію атрымала Марыя Мартысевіч
за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў — за кнігу “Перавыбранае”, а ў
2017 — Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя
Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана
і Харытатыўнага фонду Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Крытэры для падачы кніг на прэмію:
1) жанр кнігі — паэзія;
2) кніга выдадзеная ў 2019 (кніга, якая была выдадзеная ў 2018, але па нейкіх
прычынах не ўдзельнічала ў мінулагодняй прэміі, можа быць пададзеная ў гэтым
годзе);
3) мова кнігі — беларуская;
4) кніга павінна быць выдадзеная ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе
(выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой апублікавана ў
кнізе ўпершыню).
Больш падрабязна пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца з яе статуту.
Каб падаць заяўку на прэмію, запоўніце форму па спасылцы.
Таксама трэба даслаць электронную версію выдання і вокладку кнігі ў
фармаце jpeg на адрас paezija@gmail.com (пазначыўшы ў тэме пісьма
назву кнігі і аўтара). Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя
асобнікі (у колькасці ад 2 да 5) трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў
(з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні, адрас: Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31,
пакой 906, на дамафоне набраць 47 і званок, тэлефон +375 17 354 80 91). Заяўкі
прымаюцца да 13 лютага 2020 года.
Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе
абвешчаны неўзабаве.
Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com ці па тэлефоне +37544 7994047.
Паводле прэс-рэлізу