Разбэшчаныя дзеці, складаная спадчына: да 15-й гадавіны з дня сьмерці поп-караля Майкла Джэксана

Яго музыка зьмяніла музычную індустрыю. Яго кліпы зьдзейсьнілі рэвалюцыю. Яго папулярнасьць на піку было немагчыма пераўзыйсьці нікому. Але з сёньняшняй перспэктывы асабістае жыцьцё Майкла Джэксана працягвае шакаваць людзей. Прыхільнікі дагэтуль абураюцца страшэнным абвінавачваньням.

Майкл Джэксан

Майкл Джэксан

Ранча

У Каліфорніі ёсьць адно казачнае, на думку стваральнікаў, месца – ранча Нэвэрлэнд. Яно знаходзіцца ў акрузе Санта-Барбара. З 1988 па 2005 год гэта быў дом і прыватны парк забаваў Майкла Джэксана. Ён утрымліваў шматлікія мастацкія садовыя статуі, атракцыёны і дзіцячы заапарк. Былі таксама кола агляду, карусель, пірацкі карабель, амэрыканскія горкі і іншыя цікавыя дарослым і дзецям рэчы.

Калі ранча было прададзенае Джэксану, ён і перайменаваў яго ў гонар Нэвэрлэнду, фантастычнай выспы з гісторыі Пітэра Пэна, хлопчыка, які ніколі не старэе.

18 лістапада 2003 года быў выкананы ордэр на ператрус ранча Нэвэрлэнд у сувязі з судом па справе «Народ супраць Джэксана» пасьля таго, як суперзорку абвінавацілі па некалькіх пунктах абвінавачаньня ў дамаганьнях да непаўнагадовага. Але мы вернемся на 10 гадоў перад тымі падзеямі.

Ранча Нэвэрлэнд

Ранча Нэвэрлэнд

13-гадовы фанат

У 1993 годзе стаматоляг Эван Чандлер абвінаваціў Майкла Джэксана ў сэксуальным гвалце над сваім 13-гадовым сынам Джорданам Чандлерам. Адносіны Чандлераў з Джэксанам пачаліся дастаткова бяскрыўдна: Джэксан пасябраваў з Джорданам і яго сям'ёй у 1992 годзе. Гэта сяброўства ўключала наведваньне ранча і шчодрыя падарункі, тыповыя для шчодрасьці Майкла Джэксана ў адносінах да дзяцей.

Абвінавачваньні Эвана Чандлера палягалі ў тым, што, як ён сцьвярджаў, Майкл Джэксан прыставаў да яго сына падчас начлегу ў ранча Нэвэрлэнд. Дэталі былі такімі яскравымі і страшэннымі, што для грамадзкасьці была намаляваная карціна драпежнай асобы, якая хавалася за маскай нявіннага артыста.

Дэпартамэнт паліцыі Лос-Анджэлеса пачаў рассьледаваньне, якое ўключала ператрус у дамах Джэксана і апытаньне сьведак. Асабліва супярэчлівым на той час аспектам стаў вобшук Джэксана з распрананьнем сьпевака, які меў на мэце праверыць апісаньне геніталіяў Джэксана, дадзенае хлопчыкам Джорданам Чандлерам.

Джордан Чандлер

Джордан Чандлер

Падчас дасудовых слуханьняў у якасьці сьведак абароны Джэксана выступілі некалькі хлопчыкаў, якія заявілі, што па шмат разоў спалі на адным ложку сам-насам з Майклам Джэксанам, але ніякіх дамаганьняў зь яго боку не было. Цікавая прырода гэтых дачыненьняў. Жыльлёвая плошча ранча дазваляла неспартанскія ўмовы для сну. Як мінімум шэсьць вялікіх спальняў у галоўным маёнтку былі верагодна не падрыхтаваныя як сьлед, каб пакласьці хлопчыкаў спаць адных.

У ліку тых, хто выступіў у яго абарону, тады былі Уэйд Робсан і Джэймс Сэйфчак (з гэтымі двума асобамі мы сустрэнемся зноў, але значна пазьней).

У студзені 1994 года справа прыняла драматычны паварот, калі Майкл Джэксан пералічыў сям'і Чандлер 23 мільёны даляраў. Афіцыйна гэтае пагадненьне не было прызнаньнем віны, а крокам, каб пазьбегнуць працяглай і шкоднай для артыста судовай барацьбы. Адвакаты Джэксана сцьвярджалі тады, што пагадненьне было ў інтарэсах яго здароўя і кар'еры.

Загалоўкі прэсы крычалі аб вычварэнствах, у той час як эксперты бясконца разважалі аб вінаватасьці і невінаватасьці Майкла Джэксана. Грамадзкая думка была глыбока падзеленая. Гарачыя фанаты Джэксана рашуча абаранялі яго, і разглядалі абвінавачваньні як спробу вымагальніцтва з боку Чандлераў. Іншыя, аднак, былі перакананыя ў яго вінаватасьці, і трактавалі пагадненьне як маўклівае прызнаньне.

5 лістапада 2009 года, праз чатырнаццаць тыдняў пасьля сьмерці Майкла Джэксана, Эван Чандлер быў знойдзены мёртвым у выніку самагубства.

Для Майкла Джэксана гэтыя абвінавачваньні і наступнае ўрэгуляваньне сталі пастаяннай тэмай у яго далейшым жыцьці. Спэкуляцыі маглі б працягвацца вечна, калі б не надыйшоў другі акт трагедыі.

Іншыя дзеці

Усяго праз дзесяць гадоў пасьля грандыёзнага скандалу, усё закруцілася па новай. Гэвін Арвіза, хлопчык, які змагаўся з ракам, упершыню сустрэў Майкла Джэксана праз дабрачынную праграму. Сьпявак, вядомы дабрачыннымі намаганьнямі, падтрымаў сям'ю Арвіза, і запрасіў іх застацца на яго ранча Нэвэрлэнд. Акт дабразычліасьці пазьней стаў прычынай абвінавачваньня супраць яго.

У пачатку 2003 года ў этэр выйшаў дакумэнтальны фільм Марціна Башыра «Жыць з Майклам Джэксанам». У гэтым фільме Джэксан трымаўся за рукі з Гэвінам і рабіў супярэчлівыя заявы адносна таго, каб дзяліць ягоны ложак з дзецьмі. Гэтыя кадры ў спалучэньні з камэнтарамі Джэксана выклікалі бурную ўвагу прэсы і дзікі грамадзкі рэзананс.

Гэвін Арвіза і Майкл Джэксан у фільме Марціна Башыра «Жыць з Майклам Джэксанам»

Гэвін Арвіза і Майкл Джэксан у фільме Марціна Башыра «Жыць з Майклам Джэксанам»

Па выніках дакумэнтальнага фільма сям'я Арвіза абвінаваціла Майкла Джэксана ў сэксуальным гвалце над Гэвінам. Абвінавачваньні ўключалі некалькі пунктаў гвалту над дзецьмі, увядзеньня наркатычных рэчываў і верагодных незаконных дзеяньняў з мэтай выкраданьня дзяцей і іх зьняволеньня.

20 лістапада 2003 года Майклу Джэксану былі прад'яўленыя афіцыйныя абвінавачваньні і ён быў арыштаваны. Пасьля ён унёс заклад за сябе ў памеры 3-х мільёнаў даляраў і катэгарычна адмаўляў усе абвінавачваньні. Джэксан называў гэта "вялікай хлусьнёй" і прадуманай спробай вымагаць у яго грошы.

Акруговы пракурор Санта-Барбары Том Снэдан, які раней рассьледаваў эпізоды з Джэксанам і дзецьмі падчас справы Чандлера ў 1993 годзе, быў поўны рашучасьці дамагчыся асуджэньня. Працэс пачаўся ў студзені 2005 года. Бок абвінавачваньня ў значнай ступені абапіраўся на паказаньні Гэвіна Арвіза і яго сям'і, якія падрабязна апісалі меркаваныя жорсткія захады з боку Джэксана.

Гэвіну Арвіза было 15 гадоў, калі ён даў паказаньні. Ён паведаміў суду, што пасьля выхаду ў этэр стужкі «Жыць з Майклам Джэксанам» Джэксан пачаў даваць яму і яго малодшаму брату віно, часам схаванае ў бляшанках з газіроўкай, паказваў ім парнаграфію і рабіў сэксуальныя замахі. І далей падрабязна пералічваў якія, але іх мы тут прапусьцім.

Здымак Джэксана падчас арышту

Здымак Джэксана падчас арышту

Абарона ў сваю чаргу імкнулася зьнішчыць аўтарытэт сям'і Арвіза, паказваючы іх як ашуканцаў з гісторыяй ранейшага махлярства. Абарона таксама выклікала шэраг сьведкаў, у тым ліку такіх знакамітасьцяў, як Макалей Калкін, якія засьведчылі невінаватасьць Джэксана і несэксуальны характар ​​іх зносінаў з Майклам.

13 чэрвеня 2005 года, пасьля больш чым тыднёвых разважаньняў, прысяжныя вынеслі вердыкт: Майкл Джэксан быў апраўданы па ўсіх пунктах абвінавачваньня.

Разам з тым, як вядома, падчас першага галасаваньня дзевяць прысяжных прагаласавалі за апраўданьне Джэксана, у той час як трое прызналі яго вінаватым.

У чэрвені 2009 года Майкл Джэксан памёр ад вострай інтаксікацыі прапафолам і бэнзадыязэпінамі.

«Пакідаючы Нэвэрлэнд»

Прэм'ера фільма «Пакідаючы Нэвэрлэнд» рэжысэра Дэна Рыда адбылася на кінафэсьце «Сандэнс» у студзені 2019 года. Дакумэнтальны фільм прысьвечаны сьведчаньням двух мужчынаў, Уэйда Робсана і Джэймса Сэйфчака, якія сцьвярджаюць, што Майкл Джэксан зьдзяйсьняў сэксуальны гвалт над імі, калі яны былі дзецьмі.

Стужка пабудаваная вакол асабістых сьведчаньнях Робсана і Сэйфчака. Гісторыя пачынаецца зь іх першага ўзаемадзеяньня з Джэксанам, які апісваецца як харызматычная асоба, што выкарыстала сваю славу і багацьце, каб заваяваць давер хлопчыкаў і іх сем'яў. Затым дакумэнтальны фільм пераходзіць да меркаванага сэксуальнага гвалту, апісанага ў страшэнных дэталях.

Глядзіце таксама

Прыхільнікі артыста рэзка асудзілі фільм. На іх думку ён быў аднабаковым. Фанаты і прадстаўнікі Фонду Джэксана абвінавацілі мужчынаў у хлусьні дзеля фінансавай выгады. Фонд нават падаў пазоў супраць HBO на 100 мільёнаў даляраў. Паколькі Джэксан да моманту выйсьця стужкі памёр, на HBO нельга было падаць у суд за паклёп. Замест гэтага Фонд Джэксана сцьвярджаў, што тэлекампанія HBO парушыла пагадненьне 1992 года аб тым, каб ніколі не прыніжаць публічны імідж Джэксана, прадугледжанае ўмовамі трансляцыі яго фільма-канцэрта.

Разам з гэтым шматлікія радыёстанцыі па ўсім сьвеце выключылі музыку Майкла Джэксана са сваіх плэй-лістоў, а таксама гучалі заклікі выдаліць яго імя са сьпісаў розных узнагародаў. Некаторыя праэкты, створаныя з удзелам Майкла Джэксана былі моцна пераробленыя або цалкам адмененыя. Напрыклад дом моды Louis Vuitton адмяніў выхад прадукцыі, натхнёнай Майклам Джэксанам, які быў заплянаваны на 2019 год.

Спадчына артыста дагэтуль выглядае складанай і не вырашанай. Дагэтуль ідуць размовы пра выяўленьне новых меркаваных ахвяраў Джэксана. ЦІ адпавядае гэта рэчаіснасьці?

Як і ў 2003 годзе на судзе, вы можаце паставіць сябе на месца аднаго з выпадковых 12-ці прысяжных у судзе, ад меркаваньня якіх залежыла так шмат.

Пакуль музыку Майкла Джэксана не «адмянілі» ў сьвеце.