«Re1ikt» даў канцэрт у піжамах (фота)

Незвычайны канцэрт ва ўтульнай хатняй атмасферы адбыўся ў сталічнай прасторы «Кватэрнік» у нядзелю.

re1ikt_4_1.jpg

Музыкі гурта “Re1ikt” апрануліся ў халаты і нават піжамны касцюм дыназаўра ды прэзентавалі слухачам свае найлепшыя кампазіцыі ў цікавых камерных аранжыроўках на базе студыі “МузШок”. Звычайна там людзі вучацца граць на музычных інструментах, але час ад часу школа ператвараецца ў канцэртную пляцоўку, дзе ў фармаце кватэрніка граюць вядомыя беларускія музыкі.

re1ikt_5_1.jpg

 “Калі мы пераехалі з Гомеля ў Мінск, дык давалі шмат “кватэрнікаў” проста ў сябе дома. Людзям вельмі падабаліся тыя канцэрты. А як мы даўно ўжо нічога падобнага не рабілі, вырашылі прыгадаць тыя часы, каб зноў блізка паўзаеміцца з нашымі слухачамі. Насамрэч жа гэта быў паўнацэнны акустычны канцэрт, але найперш мы намагаліся стварыць утульную хатнюю атмасферу: па-свойску апрануліся, запалілі лямпы-начнікі, частаваліся гарбатай з печывам”, — кажа лідар гурта бубнач Аляксандр Дземідзенка.

re1ikt_1_2.jpg

 Трэба адзначыць, што публіцы даспадобы такі фармат імпрэзы, калі можна ўладкавацца на пледзе ды замовіць любімую песню, а таксама запытацца ў музыкаў пра што заўгодна.

re1ikt_2_2.jpg

Наступны выступ “Re1ikt” адбудзецца 12 жніўня ў гістарычным цэнтры Мінска ў рамках праекту “Пешаходка”. Гэта будзе вялікі сольны дабрачынны канцэрт з вольным уваходам.

re1ikt_3_2.jpg

 “Re1ikt” — гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.

Фота: Вольга Трыгубовіч