Re1ikt прэзентуе на біс новы альбом «Kufar»

Беларускі фолк-рок гурт Re1ikt зноўку выканае кампазіцыі з дыска «Kufar» ў мінскім ТNT Rock Club 28 мая.

re1ikt_kufar_na_bis.jpg

«Перад тым як грунтоўна засесці за новы матэрыял, працягваем традыцію граць праграму на біс - не так шмат нагод існуе каб выканаць цалкам альбом. Многія з трэкаў даволі складана выканаць жыўцом, таму для нас гэта добры выклік. А для нашых слухачоў добрая магчымасць паслухаць песні, якія мы вельмі рэдка граем на канцэртах», — кажа лідар гурта Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Прэзентацыя дыска з аншлагам прайшла ў сталічным клубе «Бруге» ўзімку. Па выніках мінулага года «Kufar» трапіў у топ-10 сябраў вялікага журы парталу Experty.by — Сяргея Філімонава, Максіма Жбанкова, Дзіны Кудрэйкі, Сяргея Будкіна, Змітра Падбярэзскага. Таксама адным з сваіх улюбёных альбомаў яго назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.

Альбом «Kufar» запісваўся ў Польшчы паралельна з лепшым беларускім рок-альбомам 2015 года «Лекавыя травы» (Experty.by і Rock Profi) і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі «незвычайнага» Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе (напрыклад, стадыённы хіт «Razam» — гімн футбольнага клуба «Крумкачы», а таксама джаз-рокавы дуэт «Tolki shieh» з саксафаністам Krabmabambula Паўлам Аракелянам на словы Янкі Купалы).

Сродкі на выданне альбому, а таксама на здымкі кліпа на песню «Drobnieńki doždžyk» гурт сабраў па выніку паспяховай краўдфандынгавай кампаніі на платформе «Талака».



Апроч Мінску Re1ikt прэзентаваў альбом «Kufar» і ў шэрагу беларускіх гарадоў. Цяпер музыкі “на біс” зноў прадэманструюць размаістую кружэлку ў сталіцы, а таксама парадуюць слухачоў сваімі лепшымі кампазіцыямі і сюрпрызамі, якія пакуль трымаюць у таямніцы.

Re1ikt — беларускі гурт, які працуе ў напрамках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучаснага слухача. Калектыў з'яўляецца уладальнікам музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.
Паводле прэс-рэліза